Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не ўясьніць рашучасьці сьмелых пераходаў. Няўжо тое і ў будучыні? У кожным разе яно, гэта будучае, страчае ў ім загартаваную, вытрывалую адзінку, перад якою разьляціцца не адна перашкода.

Рыгор сышоў з ложка і паглядзеў у акно. Палавое неба запягалася дымам фабрычных комінаў. Разам з паветрам западалі ў нос крупінкі сажы. Работа пачыналася. Адпачнуўшыя махавікі разганялі бег трансмісій, трансмісіі нацягалі рамні, і прытупленыя разцы пазіралі на апыленыя балванкі сталі… Вось-вось увап’юцца яны ў сталь і пачнуць выразаць завілыя бліскучыя стружкі. Разгорнецца шырокае наладжанае гатаваньне знарадаў на патрэбу вайны. Цэлымі стосамі выкідацьмуць іх варштаты, перасылаючы ў прыгатаваныя скрынкі для адпраўкі на фронт. У кожным знарадзе — сьмерць некалькі чалавек, разбурэньне, пажары. А між тым іх гатавацьмуць яны, рабочыя, якія ўчора яшчэ, заўчора падавалі свой магутны протэст супроць пануючага ладу, супроць вайны і забойства. А сёньня, а заўтра?.. Якая заблытанасьць у жыцьцёвых зьявах! Які сплёт вострых супярэчнасьцяй!

Рыгор пададзеўся, абмыў твар і папрасіў гаспадыні даць гарбату. Гаспадыня неадкладна выпаўніла просьбу, моўчкі ўвайшоўшы ў Рыгораў пакой і моўчкі выйшаўшы з яго. Нават не паглядзеўшы на Рыгора, мэрам-бы яна была дзеравянаю і ўсё рабіла па заводзе. Для Рыгора гэта гаспадыніна маўчанка была па настроі: ён, не патураючы на нічога, у абдыме раздумаў, прысеў да стала і пачаў піць гарбату. Неахвотліва лезла ў горла пачарствеўшая булка з пажоўклым маслам; але ня есьці — ня мог; самы процэс яды гармонаваў з перабегам думак у яго галаве — як-бы дапаўняючы цеганіну разважаньняў. Нават не глядзеў на тое, што стаяла ў яго пад носам, а бегаў узрокамі па сьпенках пакою, перакідаў іх за акно. Няўпрыкмет спыніўся на нейкай портрэтцы, якая вісела на сьценцы над рагавым круглым столікам. І портрэткі і століка Рыгор да гэтага і не заўважаў. Чаго яны тут і на вошта? На портрэтцы — чыясьці мілавідная галоўка… Рыгор падняўся з шклянкаю ў руцэ і падблізіўся да сьценкі; так, якаясьці дзяўчына. Хто яна? Ён матнуў рукою, пасьмяяўшыся з сябе за руплівую цікавасьць, і адышоў. Але тут-жа навярнуўся яго выабражэньню вобраз Ганны… Яскравы, напружаны… Дзе яна зараз? Перапісвае формы? Ці можа бастуе? А ну-ж няўшманкі стукне дзьвярыма і апыніцца ў яго пакоі? Няхай-бы…