Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён паглядзеў навакола сябе — было яксьці няпрытульна, негасьцінна. Накідана паперы, нацярушана на стале. Няўжо гаспадыня не прыбірала?

Рыгор дапіў гарбаты і наліў новае. П’ючы успомніў пра лісты: трэба напісаць мацеры, Сёмку. Выбухнула ахвота да пісьма — і, здаецца, пісаў-бы многім, многім… Гэтулькі ёсьць пра вошта пісаць… Сроль, Наталя… Ды дзе-ж яны абое? Сролеў адрас мэрам-бы ў Рыгора меўся… Толькі дзе ён яго запраторыў? Рыгор падышоў да сьцяны, дзе вісела жукетка, выняў з кішэні нататку і пачаў гартаць. Няма! Ня было і Наталінага. Цікава, аднак, дзе-б магла быць Наталя?

— Можа падабраць пакой? — запытала з калідору гаспадыня.

— Прашу вас.

Гаспадыня ўвайшла з анучкаю ў руках, ужо руплівая і вёрткая.

— Што-ж вы сёньня дома ўвесь дзень? — запытала Рыгора, — ужо-ж забастоўка скончана.

— Так, скончылі, — задуменна адказаў Рыгор.

— Пара, пара ўжо, годзі-ы… баламуціць сьвет…

— Вы супроць забастоўкі?..

Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні — яна прыйшла ня к часу. Праказаўшы, ён папрасіў прабачэньня і выйшаў з пакою. Бязмэтна прайшоў на кухню, адчыніў дзьверы і паглядзеў на сходы. І калі вярнуўся да сябе — гаспадыня прычыняла дзьверы.

— Калі ласка, ужо гатова, — праказала яна і шмыгнула на кухню.

Рыгор пасьпешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Першы — мацеры ў Сілцы. Кароткімі, нязьвязнымі сказамі, бяссыстэмнай навязкай думак — сьпісаў дзьве палавінкі пісьмовага аркуша і палажыў у конвэрт. Сьледам — ня болей, Сёмку. Мацеру суцяшаў і абяцаў падмогу, у Сёмкі прасіў падрабязнага апісаньня сілцоўскіх падзей. Хопіць? Гэта Рыгора не заняло, бо, нарэшце, ён схамянуўся і намерыўся наведаць Пятруся… «Сапраўды, амаль ня цэлы дзень у хаце! Магчыма, Пятрусь ужо аб’ехаў горад і назьбіраў процьму навін… А тут і газэты ў руках ня было…» Рыгор заварушыўся; мігам адзеўся, забраў напісаныя лісты і стралою вышмыгнуў з пакою.

Рыгор быў на дварэ, калі Рыма перагарадзіла яму дарогу да варотцаў.