Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось якраз…

Ужо да сьмеху суседзяў далучыўся і Рыгор. Але ў яго ўхмылцы адсьвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Рашучасьць і ўверанасьць, з якімі тая выказала свой сказ пра забастоўку, выклікалі яго павагу да яе.

— Магчыма, маніфэставалі-ж разам, — паіронізаваў Рыгор.

Ганна адчула гэта, але не адказала нічога — па трамваі пранёсься нечаканы вокліч кондуктара: «Гаспада, трамвай ідзе да Марсавага поля. А там можна перасаджвацца на любы, які кіруе да Неўскага».

На спынцы яны сышлі першымі.

— Варушыся спрытней, — пацьвяліўся Рыгор з Пятруся, які прапускаў наперад сябе дзесяткі пасажыраў.

Пятрусь зьлез перадапошнім і моўчкі падышоў да Рыгора з Ганнаю.

— Пазнайцеся, Ганна, мой таварыш і зямляк — Пятрусь.

— Я ўжо вас заўважыў у вагоне, — падаючы руку Ганьне, праказаў Пятрусь.

— А я колькі разоў у вас была і ўсё не магла вас убачыць… Нават і сёньня таксама… Вы мэрам знарок ад мяне ўцякаеце…

— Вы былі ў мяне?

— Так, ужо каторы раз…

— Цікава і шкада, што вы не засталі мяне ні разу.

Яны рушылі праз Марсавае поле, не пакідаючы рэзвае, бойкае, улучнае першаму спатканьню і першаму знаёмству гутаркі. Пятрусь уважліва аглядаў таварышову знаёмую з ног да галавы, з адбіткам нязжытай провінцыяльнай цікавасьці зазіраў ёй у вочы і… нясьціхана сыпаў пытаньнямі. Ганна адразу зрабіла на яго выгаднае ўражаньне; ён вачавідкі захапіўся ёю, як чалавекам і таварышом. Ганна падкупала Пятруся гаворкасьцю, рэзвасьцю і востраю пілявасьцю. Ад яе нясло дасканаласьцю стойкае, вымуштраванае жыцьцём асобы. Ніякім чынам нельга было параўнаць з Ганнаю хоць любую сілцоўскую дзяўчыну, у тым ліку і Гэлю… Ды што Гэлю? Апошняя наогул выглядала ў Пятрусёвым ваччу нясталаю, лёгкадумнаю асобаю. Яе выезд з Сілцоў і паступленьне ў тэатральную трупу сьведчыла за гэта. Фактычна Пятрусь ужо месяцаў са два, як кінуў з Гэляю ўсякую перапіску. Гэля стаяла далёка ад Ганны! Пятруся цікавіла, чаму так аднакава адносіцца да спатканьня з ёю Рыгор. Няўжо ён не знаходзіць у ёй таго, што становіць кабету на належную вышыню?