Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгору, што яе выбух быў на многа значнейшым, ніж аб тым ён заключаў. Калі-ж яно так, то можна ружавей глядзець настрэчу будучаму.

— Трамвай! — гукнуў Пятрусь.

Грамада зарухала, націснула да рэек.

— Сядай на пярэдні вагон, — падаў Рыгор.

І толькі трамвай спыніўся, ён спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Яго націснулі і ўтаўхнулі ў вагон.

— Цішэй, грамадзяне! — прагукаў ён і абярнуўся назад.

Абярнуўся і ахнуў у задзіўленьні — на яго напірала Ганна.

— Рыгор!

— Гэта ты? Што за дзіва, зноў-жа тут… зноў у трамваі. Ха-ха-ха! Якім чынам?.. Пятрусь, а? — гукнуў ён.

Публіка паглядзела на Рыгора з усіх бакоў.

— Шша-а, ці ты маеш лад? — прыпыніла Ганна.

Пятрусь падняў палец, зьвяртаючы на сябе Рыгораву ўвагу.

— Сойдам на Каменаастроўскім, ці паедзем да Неўскага? — прагукаў зноў Рыгор.

— Да Неўскага…

Яны ўселіся з Ганнаю побач…

— Прызнацца, добры кавалак прайшла пяшком… Усё не магла дачакацца паравіка…

— Адкуль-жа ты зараз?

Яна засьмяялася.

— Была ў Пятруся; хацела з табою спаткацца… А ты, вось, надоечы і адрасу ня мог паведаміць… Перабраўся ад Пятруся, а людзям — шукай…

— Няўжо я табе ня даў адрасу? — зьдзівіўся Рыгор.

— А то-ж бы я лішніх вёрст дзьве мерала горад… Туды, праўда, заехала, а адтуль — чакала-чакала паравіка і не дачакалася… Мусіла ісьці. А шостай гадзіне трэба ў контору…

— Чаму-ж дагэтуль вольная?

Газэта сёньня ня выйшла; друкары забаставалі…

— Магчыма і заўтра ня выйдзе, ці выйдзе?

— Ня ведаю.

— Бачыш, і ты забастоўшчыца, хоць і не па сваёй волі…

Суседзі згаворна паглядзелі на Ганну і здаволена ўсьміхнуліся.

— Я-б баставала з гэткаю ахвотаю, як бастуеце вы самі…

— Няўжо?