Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

патрулі. Сям-там паказваўся рэдкі рамізьнік, і толькі пагаварвалі пра пуск паравіка. На спынках яго стаялі грамадкі людзей, пазіраючы то ўлева, то ўправа.

— Мы пройдам да трамваю, ці таксама пачакаем паравіка? — запытаў Рыгор у Пятруся.

— Па-мойму, ляпей прайсьці да клінікі Вільле…

— Давай…

Яны завярнулі налева і пайшлі ўсьцяж проспэкту. Не даходзячы да трамвайнай спынкі, стрэліся з агульным знаёмым з заводу, які, запыніўшы іх, паведаміў:

— Што-ж, па нядзелі на працу.

— Ужо вырашана? — дзівіўся Рыгор.

— Яшчэ не аформлена, але бадай-што… Чаго-ж чакаць… У іншых раёнах заўтра пачынаюць варочацца на работу… Дзе-ж тут болей… Досыць… Скончана, зноў будні.

— Ну, а нараду склічам?

— Павінны…

Знаёмы разьвітаўся і пайшоў ад іх. Рыгор з Пятрусём падышлі да трамвайнае спынкі і зьмяшаліся ў натоўпе чакаючых.

Падзеі забастоўкі служылі тэмаю агульнае гутаркі. Уражаньне ад яе пакуль моцна сядзела ў голавах пецярбуржцаў. З пачуцьцём зьдзіўленьня, а то і жаху перадаваліся рознастайныя эпізоды з выступленьняў рабочых. Да сапраўднасьці дадавалася шмат фантастычных рысаў. Увогуле, аднак, людзкая пагудка ўбірала забастовачныя падзеі ў фарбы героічнасьці. У большасьці тых, хто быў заняты гутаркаю пра іх, чулася выразная спагада да рабочых і іх чыннасьці. Спыненьне Прыморскае чыгункі, бомбадыраваньне фабрычных будынкаў, абварочваньне трамваяў — перапляталася з сакавітасьцю расказу ў рознастайных варыяцыях пра братаньне забастоўшчыкаў з францускімі матросамі, пра сумесны іх напад на казакаў. Вялікае месца ў гутарках чакаючых адводзілася ўзброенай сутычцы на Ломанскім завулку. Асада поліцыяй і войскам агромністага будынку, заселенага рабочымі, прымала адценьне сьвежай легендарнасьці. Пасылалася спачувальная павага «невялікай грамадцы баявікоў, якія цэлую пару адбіваліся ад многалікага войска». Рыгор з асалодаю прыслухоўваўся да кожнага сказу, што ён датыкаўся Ломанскіх здарэньняў. Бач, нейкая доля і яго заслугі была ў гэтым. Але Рыгора цешыла не пачуцьцё гонару, а адбітак падзей у людзкім адзнаньні. Тон і мотывы водгуку на забастоўку сьведчылі