Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чай дрэнна. Прачнуўся, паверыш, і жаднае хэньці ні да чога… Во… — ён зноў разгарнуў «Біржоўку»: — «Патрыотычныя дэмонстрацыі па ўсёй Аўстрыі». Вайна… Нідзе рабочыя не адгукнуліся на нашу забастоўку… Не падтрымалі нас і нашы ў другіх гарадох. Забачыш, усе, хочуць-ня-хочуць, залыгаюцца жалезным ланцугом і пойдуць на бойню… Сялянства адарвуць ад плуга, ад сярпа, ад цэпа… Закалышуць мястэчкамі і сёламі… Усё для інтарэсаў тых, хто прыслаў сюды Пуанкарэ, хто… А мы зноў на завод, зноў да варштату… Цягні, брат…

Рыгор іронічна ўсьміхнуўся.

— Затое ім забастоўка паказала, як небясьпечна іхнае наступнае… Ты паглядзі, — праказаў Пятрусь і рушыў з месца. — Я дзіўлюся… І цешуся, наколькі вялікаснаю ёсьць наша забастоўка… Бач, яна на некалькі дзён спаралюшавала ўсё жыцьцё сталіцы, сабрала вакол сябе ўсю грамадзкую думку і… і навяла не малога жаху… Я заўчора і ўчора аб’яжджаў рабочыя раёны — і ўсюды адно: заводы і фабрыкі — маўчок, а вуліцы — у нясупынных маніфэстацыях. У фабрычных кварталах рабочыя — гаспадары. Мізэрнымі і бязмоцнымі здаюцца і поліцэйскія і вайсковыя патрулі… Сіла, калі хочаш ведаць, магутная сіла… Мы адмецілі забастоўкаю адну рысу — гэта бязмоцнасьць сучаснага стану…

— Зразумела, — згадзіўся Рыгор. — А ўсё-ж у мяне ўчора вельмі балела сэрца, калі я мусіў уцякаць з абсаджанага дому на Ломанскім… Я зьбягаў па сходах, лез па трубе, а нешта нямоўчна шаптала на вуха: гэта расьпінаецца ваша агульная, рабочая справа…

— Так, балюча, вядома, — рашыў Пятрусь. — Але… Мне здаешся ты іскраю, якая на хвіліну стухае, а то ўсё гарыць, пыхкае. Паверыш, я назіраю за табою і дзіўлюся: адкуль у цябе столькі запалу? Гэта-ж, каб ты прымеў, у гадзіну сьвет перакруціў-бы…

Рыгор ухмыльнуўся.

— Гэтулькі пакіпела, ведаеш… во тут… Прасачыўся да кончыкаў валос злосьцю і няпрыязьню да існуючага ладу… Праўдзівей, самы лад выпрацаваў з мяне вечнага ворага сабе… Бачыш: з дзіцячых гадоў пайшоў ў яго школу і да апошняга часу адукуюся… У выніку — давай Ломанскія падзеі… Ну, а сыйсьці з поля бойкі пераможаным — паверыш, цяжка…

— Я цябе разумею…