Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор матнуў рукою.

— Было-б лепей, каб хоць пазьней убачыцца, але пры лепшых умовах…

— Не ад нас з табою залежыць… Вось мы з Пецярбурскае стараны… Калтаўскую мануфактуру руйнавалі…

— Усё-ж забастоўка, браткі, пакажа… пакажа агромную сілу рабочых гушч. Не скажы, таварыш, — выказаў другі з Пятрусёвых спадарожных.

— Ды я разумею, толькі… калі адгукнецца яна?

На рагу аднаго з завулкаў яны спыніліся.

— Ну, нам дваім сюды, — сказаў Рыгор, — будам зьбіраць сілу на новае выступленьне, — дадаў ён.

Яны разьбіліся на тры часткі. Рыгор астаўся з Пятрусём.

— Ня выходзіць па-нашаму, — праказаў Пятрусь.

— Ня выходзіць… Я ўжо думаў, хоць стану ахвярай, абы… Успамінаў цябе пад стрэлы браўнінга… І Ганну… Выйдзе!..

— Ганну? — зьдзівіўся Пятрусь.

— Так, я стрэўся, нарэшце, з Ганнаю…

— Калі?

— Надоечы…

— Стрэўся і на гэтым скончана?

— Маніфэставаў разам… Абяцала прыйсьці, і тады я наведаю з ёю цябе.

— Прашу…

Тры стрэлы дзесьці ў баку заключылі іх гутарку.


IX

— ВО, ГЛЯДЗІ, ПЯТРУСЬ, што піша «Біржоўка»… Подлыя… «Забастоўка ідзе на вубыль…» «Настрой рабочых заспакойваецца». «За Маскоўскаю заставаю частка баставаўшых варочаецца на работу…» Ці-ж я не казаў? Самадзяржаўе цяпер так зацісьне зашмаргу на нашай шыі, што толькі сумей дыхнуць… Пад настрой вайны прапіша такую мікстуру, ажно, браце ты мой…

Рыгор растрывожаным шагам тупаў па каморцы. У руках ён нэрвова камячыў «Биржевые Ведомости», спаганяючы на гэтай бульварнай газэце ўсю злосьць і нянавісьць да самадзяржаўнага ладу.

— Ведаеш, браток, — казаў ён далей Пятрусю, які ўвайшоў да Рыгора і нярухома стаяў каля акна: — я адчуваю сябе надзвы-