Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

невядомага, сухі кароткі адказ, або і маўчанка. Паездка суліла знаёмства, надзеі, цікавасьць… Толькі-б ня вісеў на двьвярах бліскучы замочак… Не, яна пераедзе — ня ў суботу, дык у нядзелю, магчыма на буднях… Адкладаць нельга, уважаючы на тыя здарэньні, якімі жыцьцё частуе бягучы час.


VII

ТЫМЧАСАМ ЗДАРЭНЬНІ дзень-ада-дня нясупынна ўскладняліся. Іх развой можна было параўнаць з бурхлівым вогнішчам, на якое дзьме вецер. Полымя шугае ў бакі і ўгору, шырыцца, расьце; награецца паветра. Вось-вось заверціцца ўсё ў каламутным вадакруце агню. Ня было таго, хто-б так ці іначай не ўцягаўся ў падвышаны настрой, хто-б не захапляўся пытаньнем — а што далей? Выразна перад кожным гэта «далей» стаяла ў страшным вьглядзе вайны. Усякі адчуваў яе крывавы, прапахшы куравам пораху, прыход. Але ніхто не выяўляў сабе яе размаху. Яе жах перавяртаўся ў завостраную цікавасьць, пад якою танула ўсё іншае. Звычайнага, прывыклага жыцьця ня было ні ў водным доме, ні ў якай асобы. Яно зьнікла, растала, абляпіўшы агромністы клуб разьюшаных падзей. Напружнасьцю струны глядзелі ў наступнае мільёны вачэй. Шукалі. Густым ту­манам надзей і трывогі ўбіралі перадвочныя прасторы. На чым спыніцца завіруха? Як праломіцца яна на лёсе данай асобы? Чорнымі густымі джараламі плавалі людскія натоўпы па шырокіх тротуарах гораду-волата. У шораху тысяч ног адбівалася крутая парушнасьць жыцьця. Няўверана хадзіла рука, няцьвёрда ступалі ногі. Шыбы вокнаў сталі вельмі празрыстымі, мэрам-бы знарок, каб ня спыняць простага лёту ўзрокаў. Пераступаючы парогі ўстаноў, контор, крам і заводаў, вальней ды нядбайней прычыняліся дзьверы. Будынкі, наогул, цясьнілі людзей, прыгняталі іх пачуцьцё. Якаясьці магутная сіла цягнула іх на вуліцу, у гушчу, у натоўп. Чалавек стаў надзвычайна чулым, каразьлівым, як магнэс. І ў той-жа час — слабым, бяспомачным. Аднаму не хапала ні сілы, ні месца. Для цэлага, для грамады — ён быў неадменным. Грамада надавала характарнасьць здарэньням, але апошнія вы­разна рухалі грамаду.

Але ў агульным сплёце зьяў яскрава выпуклялася іх дваістасьць. Два асабістых напрамкі прарэзвалі гушчэчу людзкіх настрояў, пачуцьцяў, думак і жаданьняў. Гэтыя напрамкі крыжаваліся, як крыжавалася разьвіцьцё грамадзкіх падзей. Напера-