Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У Ганьніным выабражэньні разбэрсвалася доўгая каляровая нітка саладжавых надзей. Рознымі выкрутасамі яна працягалася кудысьці, дзе ападала ў Рыгораву душу… Вакол гэтае ніткі дзень-ада-дня набіралася гусьцейшых асадкаў пачуцьця, намераў і жаданьняў. З мільённага людзкога мурашніку, што трапятаў перад Ганьнінымі вачмі, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гэта фігура засланяла сабою і гмах Ісакіеўскага сабору, і шпіц Петрапаўлаўкі. У чыстай каморцы экспэдыцыі мігаліся яе абрысы між шырокіх лістоў паперы.

Яе ня мог засьціць дасьціпны, жывы, мілавыглядны экспэдытар Лука Дарафееў. Хоць уважліва накіроўваў ён да Ганны гасьцінныя сказы і мяккаю ўхмылкаю абліваў іх адповедзь, — Ганна ня губіла з ваччу Рыгоравага вобразу… Апошні выпукляўся, што далей — болей. Ганна паступова ўкладала ў яго зьмест жывое істоты, і Рыгор уставаў у чыннасьці аднаго з шэрагаў тых забастоўшчыкаў, што ўзьюшвалі бакінскімі падзеямі ўсю Расію. Яна ўспамінала рыскія гутаркі з Рыгорам наконт яго ўдзелу ў забастоўках. Уяўляла Рыгораву захопленасьць імі, адчувала палкасьць змаганьня і вастрату злосьці на існуючы лад. Узважвала поўнасьцю вынікі гэтага. І заключала: «А зараз, напэўна, ён перагарвае прагаю хутчэй апынуцца ў асяродку падобных бакінскім здарэньняў. Каб гэта ды яго сюды, у Пецярбург, колькі-б энэргіі ён палажыў на організацыю рабочых да выступленьня!..»

Ганна не папікнула-б яго за гэта, не! Цяпер… яна зусім іншых поглядаў на рэчы! Ёй сорамна прызнацца, што яшчэ летась Рыгорава чыннасьць выклікала ў яе нутры варожае пачуцьцё. Цяжка растлумачыць, чаму яна трымалася тады выразна мяшчанскіх пераконаньняў. Але яшчэ цяжэй уявіць, калі і што адбывалася тая крутая перамена, якая зрабіла Ганну цяперашняй. Дзе тыя фактары, што павярнулі яе сьветапогляд на дзевяноста градусаў улева? Ганна правярала гэта тым пільней, чым вастрэй рабілася жаданьне выспавядацца пачуцьцямі з Рыгорам. Яна падрахоўвала: сьмерць мацеры, Рыгораў арышт, свой пераезд з Рыгі ў Пецярбург, блуканьне ў няпэўнасьці па яго цьвёрдых вуліцах. Няўжо ўсяго? Ды што ў гэтым надзвычайнага ёсьць? Рабілася цьмяным — прычыны губіліся ў змроку гэтае цьмянасьці. Іх нявыразнасьць яшчэ больш ускладняла іх важкасьць і сілу. Бо яна разумела, што з пераменаю поглядаў на рэчы ёй стала не падабацца роля настаўніцы. Калі прасачыць ад