Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але не застала Пятруся дома. Зьбіралася з дня-на-дзень паўтарыць паездку, ды… усё не магла сабрацца. Цэлы шэраг прычын перашкодзіў ёй зрабіць гэта.

Ганна паехала ў Пецярбург на сваю рызыку. Згуба мацеры растрывожыла яе да нэрвовасьці, і ў Пецярбурзе яна шукала сабе спакою. Без усялякіх хадайніцтваў да начальства, не разьлічваючы на наступнае, яна раптоўна разьвіталася з Рыгаю і паехала да дзядзькі пад Ліцк, адкуль наведала Сілцы і ў пачатку траўня накіравала ў Пецярбург.

Ганьнін прыезд у сталіцу супаў з канікулярным часам. Пайсьці шукаць ходаў да прызначэньня на месца настаўніцы Ганна не хацела, ведаючы, што гэта пацягне за сабою цэлы шэраг адміністрацыйных формальнасьцяй. Ды самая праца настаўніцы ёй не падабалася. Яшчэ ў Рызе, калі жыла маці, Ганна ня раз памыкалася перамяніць заняткі, старанна шукаючы падхадзячага месца. Мацi перашкаджала ёй. Пасьля мацерыны сьмерці Ганьне было вольна гэта зрабіць. Яна знайшла, што ў Пецярбурзе ёй лёгка гэта ўдасца.

Поўная ўверанасьці ў гэта, Ганна ня ўлічыла тых цяжкасьцяй, з якімі сустрэў яе чужы, вялікі горад. Без знаёмага, з ненадзейнымі разьлікамі на даўнюю таварышку, на Пятруся і, як ня дзіўна, на Рыгора, Ганна ачулася ў Пецярбурзе. Горад бесспагадліва схапіў яе ў свае абоймы і закалыхаў на хвалях глыбокае клапатлівасьці. Што надумоўвала тыднямі — разьляталася ў хвіліну. Стройна апрацаваныя пляны ламаліся пад націскам жывое сапраўднасьці. Ганна зьбівалася з панталыку. Куды ёй было да ўсяго іншага, калі нявыразнасьць наступнага дня не да­вала спакою. Ужо прасочвалася вільгаць роспачы, ужо думкі спляталі пляны магчымага выезду з негасьціннае сталіцы, як зьнянацку ёй напаткалася праца. Гэта выйшла праз газэту, па дробна надрукаванай абвестцы. Патрабавалася «перапісчыца, маладая барышня». Ганна накіравала па адресе і атрымала месца ў экспэдыцыі газэты — па перапісцы адрасоў.

Адшуканая работа перейначыла яе настрой і накіравала Ганьніна жыцьцё ў спакойнае рэчышча. Тое, што не знаходзіла месца ў думках у час безрабоцьця, зараз адцягала на сябе яе ўвагу. Зарупела наведаць Пятруся яшчэ раз і, магчыма, выпытаць у яго пра Рыгора. Авось знойдзецца кончык і клубок пачне разбэрсвацца…