Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось канчаецца год, а ніякіх адзнак на гэта. Круціцца, мелецца — маланкаю мінаюць дні, тыдні, месяцы, а яна ні з месца. Сілцы. Воражнае аколеньне. Розныя гутаркі пра Рыгора — больш ябедныя, злыя, нараклівыя; брахня і глум… Пятрусь не разьбівае іх сваімі лістамі… Вось толькі Ганна — адкуль і што, нябачная, чужая дзяўчына… Мігнулася перад ваччу і атуліла сэрца ласкавым словам пра Рыгора…

Рыгор — сынок!.. Вось-вось ён адыме квадранчык часу і прысьвеціць яго мацеры. Гэта неабходна! Абсталюецца і кіне ліст, перашле некалькі рублёў. Раней днём, тыднем пазьней — ці-ж ад гэтага многае зьменіцца? Нельга-ж кінуць агульнае справы і аддацца пытаньням прыватнага жыцьця. Ды зноў-жа, ён толечкі-што пераехаў на сваю кватэру. Амаль ня голая яна ў яго. Ложак без сяньніка, адзін ламаны зэдлік, кульгавы стол — усяго. Хоць-бы крыху дагледзець… А там — пойдзе чарадою адно за другім… Магчыма, каб Ганна… Рыгор яе адшукае, няпраўда…

— Я ўсё-ткі, Пятрусь, на днях праедуся ў адрасны стол! — завяраў Рыгор Пятруся.

— Чаго-ж ты, сапраўды, шкадуеш паўдня страціць на гэта? — папікнуў яго Пятрусь…

— Праўду кажаш… Ці варта шкадаваць паўдня часу, — згаджаўся Рыгор. — Усяе работы не пераробіш…

— Менавіта…

Пасьля гэтага Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкава паедзе ў горад, і запэўніў таварыша. Пятрусь спачувальна ўхмылынуўся.


VI

ГАННА НІКОЛІ-Б НЕ ПАВЕРЫЛА, каб хто ёй сказаў, што Рыгор у Пецярбурзе. Тым болей яна зьдзівілася-б, каб уведала, што ён пра яе думае, гутарыць з таварышам і дзень-ада-дня маніцца шукаць. Адкуль і што тыя даныя на гэта! Ні намёку, ні знаку. Праўда, Ганна чула ад Рыгоравай мацеры, што ў Пецярбурзе жыве Рыгораў таварыш. Гэта Ганну цікавіла ды інтрыгавала. Яна захапіла з сабою яго адрас. І, прыехаўшы ў Пецярбург, пісала Пятрусю ліст, каб той паведаміў, мо’ што ведае пра Рыгора. Чамусьці на ліст не атрымала адказу — пэўна загубіўся. Праз некалькі дзён прыехала сама ў Лясное,