Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ачулася дзяўчына, ну кропка ў кропку — Ганна. Яе падабенства заставіла яго доўга і ўпарта глядзець у твар незнаёмай. Ажно яму карцела чапіць яе, каб упэўніцца. Яе пасьпешнае выйсьце з трамваю на першай-жа спынцы паперашкодзіла Рыгору гэта зрабіць. Выпадак востра яго крануў і, стрэўшыся з Пятрусём, Рыгор перадаў пра яго, як пра важную навіну.

Пятрусь зацікавіўся гэтым і быў зьдзіўлены, калі дазнаўся, што Ганна — гэта Рыгорава таварышка.

— Скажы ты, калі ласка-а! Восем дзён!.. І ты мяне не паведаміў нават, каб ня гэта тваё здарэньне. Ну і ну!

Рыгор ня мог нічога адказаць. Але не таіў ад Пятруся прыкметнага жаданьня спаткацца з ёю.

Ганна акрэсьліла доўгую гутарку гэтага вечару, даўшы Рыгору повад расказаць багатую эпопэю знаёмства з ёю, а Пятрусю — праслухаць цікавую гісторыю.

— Ты павінен адшукаць яе, як-бы там ні было, — намагаў Пятрусь.

— А трэба папрабаваць, — згаджаўся Рыгор.

І ўжо з наступнае раніцы насіўся ён у думках па пецярбурскіх вуліцах, пляцох, па вакзалах і школах, усюдых, дзе можна было дапусьціць Ганьніну прысутнасьць. Яна ўбэрсалася ў агульны сплёт плянаў, намераў і разьлічэньняў, якія займалі Рыгора.


V

АГРОМНІСТЫ ГМАХ машынна-будаўнічага заводу ўцягаў у сабе бясконцы лік рабочых. Яны цяклі ў яго вароты некалькімі чорнымі шнурамі; блядыя і настарожаныя, расплываліся яны па майстэрнях, па цэхах. І там, дзе спынялася хада кожнага з іх, пачынаўся круціцца станок. Завод, вачавідкі паддаваўся магутнай сіле руху і на вачох пераходзіў у складаную суцэльную чыннасьць. На тысячы ладоў несьліся рознастайныя гукі і зыкі. Сотнямі струменцаў цягнуўся ва ўсе бакі шэры сьмярдзючы дым. Туманіліся пылам і потам агромністыя нішы вокан, прыцямніўшы сонечны бляск. Па вузкіх праходах між бясконцага шэрагу ўсялякіх станкоў, варштатаў і машын шнайдарылі клапатлівыя майстры, шчотчыкі, інжынэры. Усе яны здаваліся бязвольнымі часткамі аднае агромнае машыны і рухалі ў такце працоўнага мэханізму.