Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але вырашэньне кватэрнага пытаньня, як і наогул усякія пытаньні прыватнага зьместу, мусілі адкладацца да абсталяваньня на месцы. Гэта было зразумела абодвум, як Рыгору, так і Пятрусю. І водлуг гэтага разуменьня і трэ’ было ладзіць жыцьцё бліжэйшых дзён.

Яно ладзілася гэтак.

Пятрусь а палове восьмай раніцы кідаў Рыгора дома, а сам сьпяшаў на працу. Выходзячы з пакоіку, пытаў яго:

— На абед грошы маеш? Калі ўжо выйшлі, то я пакіну… К канцу работы наведай да заводу.

Рыгор адказваўся ад Пятрусёвых грошай толькі першых пяць дзён — далей прасіў таварыша, колькі магчыма, пакідаць. У яго бадай-што хапіла-б на больш доўгі час сваіх пятнаццаць рублёў, з якімі ён ачуўся ў Пецярбурзе, але па радзе Пятруся ён распусьціў восем рублёў на падапратак. У Смагіне Рыгору не ўдалося справіць нічога, ды яно мала было патрэбна, а ў Пецярбурзе яго старыя, памятыя ў астрозе ўбёры выглядалі задужа ўбога.

І Рыгор са спакойным сумленьнем браў Пятрусёву пазычку і к канцу дня зьяўляўся да заводу.

Уражаньні дня, пераплеценыя з абдумамі і прагнозамі міжнародных політычных здарэньняў, складаліся ў Рыгоравым нутры чын-чынам, акуратна і дасьціпна, гатовымі да выкладу іх перад таварышом. Вярнуўшыся разам на кватэру, яны абіралі іх тэмаю для сваіх гарачых зацяжных гутарак.

У засосе гэтых гутарак хлопцы цалкам адцурваліся ўласных інтарэсаў і забывалі пра ўсялякія нечаканасьці ў сваім бліжэйшым наступным. Яны часта мянялі пляны і намеры, пабудаваныя ці зранку, ці ідучы на кватэру, або лічачы іх нясур’ёзнымі, або забываючы, што яны былі ў іх.

Трэба дзівіцца аднаму, што на працягу ажно васьмі дзён, ня гледзячы на рознастайную тэматыку гутарак, Рыгор ні разу ня ўспомніў пра Ганну. Мэрам-бы згубіў ён яе на вакзале, прыехаўшы, калі пашукаў сярод публікі і не знайшоў. Багацьце ўражаньняў, міжнародныя здарэньні, блытаніна ў плянах з месцам перапаўнялі яго галаву, не даючы запасьці думцы пра Ганну. Цікава тое, што не навяла на гэта колькіразавая стрэча з Рымаю ў Пятруся на кватэры.

Але на дапамогу падасьпеў зусім нечаканы і зусім дробны выпадак, які раптам вярнуў Рыгорава пачуцьцё да Ганны. Адным разам Рыгор увайшоў у вагон, каб ехаць у горад, як перад ім