Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Між тым Рыгор не даваў жаднага поваду на западозранасьць да сябе ў гэтых слабасьцях. Ён чуўся ў Пятруся, як дома, і лічыў лішнімі таварышавы папярэджаньні. Пятрусёва ўбачэньне перад Рыгорам разумелася апошнім, як недахоп дасканалае працятасьці таварыша пачуцьцём працоўнае солідарнасьці. Наконт гэтага Рыгор казаў сабе: «Пятрусю патрэбна яшчэ паўгода пажыць рабочым жыцьцём, як у яго ні званьня не застанецца з местачковае псыхолёгіі». Яму-ж у вочы адказваў спакойліва і сур’ёзна:

— Я ня лічу сабе госьцем.

І гэтак-жа спакойліва ішоў з Пятрусём абедаць, езьдзіў да яго таварышоў, у культурна-асьветныя таварыствы і нават у тэатр. Толькі ўсяго рупела Рыгору кватэра: Пятрусёў цесны пакоік вымушаў багатае клапатні пры надыходзе ночы. Трэба было пераварочваць усё дагары нагамі, грамазьдзіць барыкады, каб паслаць дзьве пасьцелі. Ад недахопу пасьцельных прылад даводзілася дзяліцца самым неабходным. Пятрусь аддаў Рыгору сяньнік, а сабе пад бок падсьцілаў паліто. Зьвіхнутыя спружыны ложка ўядаліся ў цела; але і зьмяты сяньнік ня туліў ад цьвёрдае падлогі Рыгоравых бакоў… Слаліся пасьцелі пад стукі крэслаў і бразгі дзьвярэй. Мала каго суцяшала гэта.

Далёка ад спакойнасьці была гаспадыня кватэры. Кожная стрэча з ёю сьведчыла Рыгору пра яе даволі няцёплыя пачуцьці да яго. І Рыгор стараўся як найрадзей непакоіць яе. Тут ужо не ўразоньвалі Рыгора таварышавы завярэньні, што з гаспадыняю кватэры ўсё ўладжана. Рыгор хоць і верыў Пятрусю, што ён падымаў гэта пытаньне перад гаспадыняю, але ня верыў гаспадыні. Было выразна, што Пятрусёвы перамовы на яе ўплыву ня мелі.

— Яна ў цябе, як ведзьма, — характарызаваў Рыгор Пятрусю яго гаспадыню.

— Табе здаецца гэта, Рыгор, — адбіваўся Пятрусь.

А сьледам згаджаўся, што ня варта бараніць, хто гэтага не заслугоўвае. І бадзёрыў Рыгора:

— Плюй на ўсё; урэшце, ты да мяне ходзіш, а не да яе… Што яна табе зробіць?

Рыгор меней усяго непакоіўся за апошняе. Пачуцьцё няпрыемнасьці, якое навявала на яго штодзеннае спатканьне з гаспадыняю, атрымлівалася зусім не ад баязьлівасьці. Рыгору не хацелася, каб Пятрусь хоць чым абавязваўся за яго перад ёю. Ён бачыў па яе твары, што лепей усяго вырашыць пытаньне шляхам уходу з гаспадыніных вачэй.