Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтымі былі скончаны першыя моманты іх цёплае, шчырае таварыскае стрэчы. Поўныя пачуцьця таварыскай блізкасьці яны ўлягліся спаць.

Была дванаццатая гадзіна ночы.


ІV

ДЗЕВЯЦЬ ДЗЁН пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу. Цэлы шэраг умоўнасьцяй перашкодзіў Пятрусю давесьці да канца гэта пытаньне. Перш два дні ў завод не зьяўляўся дырэктар; пасьля, са слоў майстра, у дырэкцыі паўсталі нейкія асаблівыя пляны наконт перабудаваньня ўсяго прадпрыемства; далей, калі з гэтым абышлося, захварэў майстар і цэлых тры дні ня прыходзіў на працу.

Пятрусь злаваў, нэрваваўся і дзень-ада-дня мерыўся шукаць іншага месца Рыгору. Вяртаючыся з заводу, ён доўга лаяўся, праклінаючы парадкі на заводзе і парадкі ў дзяржаве, разносячы капіталістычны лад і яго ахоўнікаў. «Чалавек хоча працаваць, а яму не даюць. Ласьне можна з гэтым гадзіцца? Нясе сваю сілу, свой розум для чужое карысьці, для эксплёатацыі яго, а яму адмаўляюць. Абурэньне!»

Спагнаўшы злосьць, ён пераходзіў да спакойлівага абгавору стану і ўпэўняў Рыгора, сумняваючыся сам, што справа з месцам не павінна ня вырашыцца.

— Ты, браток, не клапаціся; я ня выклікаў цябе на папаўненьне беспрацоўных. Не… Абавязаўся — зраблю. Месца будзе-э! Го… Пакуль пагуляй — ня так яно хутка робіцца, як хочаш… А з грашыма — ня бядуй: на дваіх зараблю… Дакумант маеш і хадзі куды заўгодна — ніякі чорт дарогі не загародзіць…

Пятрусь выказваў убачэньне і ўпарта сачыў за Рыгорам: яму не хацелася, каб той хоць каліва засмуціўся ці астудзіў веру ў яго хаценьне пасобіць таварышу. Разам з гэтым Пятрусь баяўся і таго, каб Рыгор не пачаў сароміцца расьцягнутага палажэньня госьця. Чаго іншага, а пачне сьціскацца, адказвацца ад патрат на яго. Угледзіць няёмкасьць доўгага пражываньня ў яго пакоі… Наогул, Пятрусь выключна клапаціўся пра тое, каб Рыгор не надаваў свайму становішчу сур’ёзнае ўвагі. Чамусьці ў гэтым каразьлівым пытаньні ён не адважваўся палажыцца на Рыгораву цьвёрдасьць, не знаходзячы ў сабе цьвёрдасьці на гэту адвагу.