Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сім не гадзілася з тым, што шырокаю хваляю лінула на Рыгора з Пятроўскага парку. Тысячная грамада «простых» людзей спраўляла тут свой сьвяточны адпачынак. Варушылася, як пчолы ў вульлі, гудзела, як морскі прыбой. Працавалі атракцыёны, гучэў бубен, разьлівалася шэйна-катрынка. Вайсковы оркестр грымеў абыграныя мотывы вальсаў. На бягу трамваю гэта мігнула фэерыяй і паказалася Рыгору вельмі квяцістым. Але ціш і змрок бясконцага Вялікага проспэкту Пецярбурскае стараны дыхнулі на яго прыемнасьцю спакою. Рыгорава ўрачыстасьць была прасычана да адказу. Духата яго прытаміла. Увабраць за адзін раз усю рознастайнасьць, усю яскравасьць пецярбурскіх пякнот — было не пад сілу. Разьюшаная потэнцыяльнасьць не адпавядала вялікасьці і багацьцю вобразаў гораду-волата. Вось чаму рэшту дарогі да клінікі Вільле Рыгор праехаў крыху ў іншым настроі. Дзякуючы гэтаму, ён спакайней прапусьціў між вачэй хараство Каменаастроўскага проспэкту, Вялікае Невы, Ботанічнага саду. Толькі перасеўшы на паравік, ён яшчэ на нейкі час захапіўся выглядам дасканалай фабрычнай мясцовасьці Выбарскае стараны. Незьмярымая даўжыня Сампсоніеўскага проспэкту, застаноўленага дзесяткамі фабрык, усеенага рабочай публікаю, узбурліла ў ім пачуцьцё рабочае гордасьці. Зноў думка прывяла ў памяць здарэньні з рыскага жыцьця, з моманту рэволюцыйных выступленьняў. Але тыповасьць і характарнасьць гэтае часткі Пецярбургу, як рабочага асяродку, куды перавышала рыскую. Тут менавіта дыхала працоўным імпэтам, сіла работнічай творчасьці панавала над усім. Рыгору ня толькі прыемна было праехаць гэтым раёнам, яму прагліва хацелася абраць месцам свае працы толькі Выбарскую старану. Водлуг гэтага хаценьня, ён праказаў сам сабе: «Хоць-бы ды тое месца, што падшукаў Пятрусь, было на адным з гэтых заводаў». І ў думцы наконт гэтага ён захаваў намер зараз-жа абгаварыць гэта з Пятрусём.


II

К ЧАСУ РЫГОРАВАГА ПРЫЕЗДУ ў Пецярбург Пятрусь дажываў у ім восьмы месяц. За гэты тэрмін ён перажыў багаты прыгодамі кавалак свайго жыцьця. Цікавым і нечаканым формавалася яно ва ўмовах чужога і незнаёмага гораду. Тым болей складанейшым было яно для Пятруся, як чалавека без рамясла ў руках. Нагаворамі Рыгора ды юнацкаю сьмеласьцю набыў Пя-