Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

намі будынкаў. Дарэмна Рыгорава вока шукала сваяасаблівасьці рыскіх шаломаў і вузкасьці, старога месца і палісаднікаў ды бульвараў — новага гораду. Вунь усяго прамігнуў перад ім невялікі пляцок перад агромным гмахам сабору. На пляцку рэдкія, закаржэлыя расьлінкі, мэрам-бы іх назнарок пасадзілі тут, каб пераканацца, што камень і чыгун не да твару зелені. Вострая жарства вакол клюмбаў выссала ўсе сокі. За высокім з медных жорлаў гармат помнікам схавалася парнае, але бледае сонца. І далей — той-жа камень: тоўстымі глыбамі, роўнымі і няроўнымі, наварочаны дзесьці ў гарах, нават дасьціпна не абсечаны, зложаны ў важкія сумныя будынкі. Колькі яго патрабавалася, каб узьвесьці гэту безьліч агромністых пяці ды шасьціпавярховых гмахаў! Якое працы каштавала перакінуць яго сюды і тутака пералажыць у сьцены, у брук і тротуары, захаваўшы спрэс зямлю і затуліўшы сонца! Цяжка выабразіць — не ахапіць думкамі; не ўвабраць пачуцьцём. І можа таму — ды напэўна з-за гэтага — Рыгору асалодна імпонаваў увесь гэты цяжар і гаматнасьць, гэта сіла і моц людзкое вытворчасьці. Ён не адводзіў у бок вачэй, не таміўся аднастайнасьцю выгляду з пачатку да канца цэлае вуліцы, кварталу, адгону ад спынкі да спынкі. Яго ахапляў уздымны настрой, асаблівая ўцеха ад прысутнасьці ў гэткім горадзе, у разорах яго змрочных душных вуліц. Дзесь глыбока ў яго нутры, падсьвядома, формавалася пякучае жаданьне застацца ў Пецярбурзе як надалей, зьліцца з ім, растварыцца ў яго пякельным грукаце, у ветраным пудзе руху. На ляту ў думках складаліся пляны, як і што адшукаць Ганну і разам з ёю ды з Пятрусём аб’езьдзіць, аблётаць усе куткі і закавулкі гораду, каб азнаёміцца з ім да дробкі. Трэба-ж ведаць і назву вуліцы, і рэчкі, і пляцы, і асобныя ўстановы. Зараз ён ня ў моцы ўсё распытаць у важатага — ды таму некалі тлумачыць. Хаця збольшага: Фонтанка, Кацярынінскі канал, Нікольскі рынак, Марыінскі тэатр, Благавешчанскі пляц…

Рыгор азірнуўся назад і ў бакі — колькі ўжо праехалі? Намерваўся запытаць, але не пасьпеў: выехалі на Мікалаеўскі мост, і перад ім паўстаў цудоўны выгляд Нявы, шпіцы Петрапаўлаўкі ды адміральтэйства, палацы Набярэжнае, растральныя колёны каля біржавога будынку, масты — направа і лес мачт і карабельных труб — налева. Ён адчуў, як мэрам-бы яго хтось схапіў рукамі, пакрышыў на частачкі і часьцінкі і рассыпаў абапал мосту на бліскучую празрыстую ваду Нявы. Вось ён нясецца з лёгкім