Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўзмоцніла яго аналіз перадстаячых здарэньняў. Навіны ён пакідаў на абгавор з Пятрусём, а зараз не адрываўся ад назіраньня гарадзкога жыцьця. Духата і смурод, густа разбаўленыя ў паветры, яму былі няўпрыкмет: ён уцягаў іх з нейкаю асабістаю прагавітасьцю. Імкненьне публікі выбрацца за горад аставалася яму незразумелым і чужым. Асалода жывога сутыканьня з горадам перамагала ўсё. Ён першым ускочыў на пярэднюю пляцоўку вагона і настаражыўся да нагляду. Збоку яго сядзеў важаты. Якраз небясьцікаўным было ўведаць, які час патрабуецца на язду ў Лясное, і Рыгор запытаў важатага:

— Колькі часу мы ехацьмем да Ляснога?

— Гэта зойме да гадзіны!

— Няўжо? Скажэце, калі ласка!

— Што? Доўга?

— Занадта, па-мойму.

— Гэтак заўсёды, чаго-ж дзівіцца.

— Я ўпяршыню еду.

Важаты агледзеў Рыгора з галавы да ног, падзівіўся ні-то з яго самога, ні-то з яго куфэрка і запытаў:

— Здалёк?

— Здалёк.

— Адкуль?

— З Віленшчыны… Не знаёмы хіба вам гэтыя мясьціны?

— А хто яго ведацьме ўсё — Расія вялікая. Дзе Сібір, дзе Каўказ, дзе…

Людзі, што спакойліва пераступалі рэйкі, шустра разьбягаліся ў бакі, агаляючы дарогу трамваю. Трамвай хутка нёсься вуліцаю. Рыгор паглядзеў усьцяж канавы і паціснуў плячыма: яна цягнулася вузкаю роўнаю паласою далёка-далёка ў глыб гораду. Абапал яе, між гмахамі дамоў, паднімаліся коміны фабрычных будынкаў. Рыгору мігам успомнілася Рыга, якраз тое месца, дзе перакінуты праз Дзьвіну даўжэрны мост Мітаўскае чыгункі. Шырыня Дзьвіны, яе вадзяны прастор, усеены плытамі, баркамі, параходамі і караблямі, дзесяткі заводаў, набліжаных да берагоў, рабілі куды большае ўражаньне. Ад гэтае канавы дыхнула цеснатою і сухасьцю. Ці гэта так здалося? Рыгор намерыўся праверыць сябе, але было позна: трамвай ужо бег шырокай простай вуліцай далёка ад мосту. Адна за другой, цэлы зьнізак падобных прасторных вуліц ператочвалі прадоўжную. Усе яны былі выведзены пад шнур і агароджаны роўнымі сьце-