Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бручку з гародаў, зрывалі мак і шчаўе. Часта ім траплялася пападацца за гэта ў рукі гаспадароў і быць бітымі; але гэта не памагала, і яны не пакідалі сваіх паводзін.

Так бывала летам, калі ўсё сьпела. А вясною, чуць толькі паказвалася цяпло, пачынаў раставаць сьнег, часьцей выблісквала сонца, Рыгор з хэўраю сваіх таварышоў кожную нядзелю бегалі ў Хвойнік і шукалі ў ём голых мясьцін зямлі; дзе знаходзілі — разуваліся і ступалі босымі нагамі. Потым, як сонца настолькі прыўдарала цяплом, што сьнег запаўняў вадою разоры і раўчукі, а рэчка мо’ ў сто раз пабольшвалася, ён глядзеў паводкі, цешыўся яе бурнымі хвалямі, якія хутка нясьліся кудысь туды, к Шансаваму возеру, а адтуль за памешчыцкі лес, дзесь далёка-далёка. Гледзячы і любуючыся паводкаю, Рыгор успамінаў мацерыны байкі. Адна з гэтых баек казала, што калісь-то, спакон вякоў, у адным мейсцы працякала вялізарная рэчка, па якой швэндаліся караблі і ганяліся плыты. — Потым, у адзін час, трапілася так, што па рэчцы той паехаў ноччу плаваць ведзьмін сын і вось, толькі ён адплыў ад берагу і хацеў пераехаць на другі бок, як паднялася страшэнная бура-завіруха: неба зацяглося цёмнымі-працёмнымі хмарамі, зашугаў страшэнны вецер, сіберна захваляваў воду і човен ня вытрымаў — абярнуўсся, а ведзымін сын пашоў на дно.

Бура сьціхла, нібы і чакала сабе ў ахвяру маладое жыцьцё… Калі да ведзьмы дайшла гэта страшная вестка, тая ажно за голаў хапілася ды рашыла пакараць раку за яе такую штуку. Вышаўшы на бераг, яна падняла ў гору рукі і закляла яе. Вада ў момант ўвайшла ў землю, пакінуўшы толькі маленькае жаральцо; тую-ж дзірку, якою вада вайшла ў землю, ведзьма закрыла юшкаю. На тым месцы якраз зьявілася крыніца, якую празвалі «Віруноваю». Калі кінуць у яе камень, ды прыслухацца, то можна пачуць звон: то камень стукаецца аб юшку. З часам надыдзе пара, тую юшку ведзьма здыме, рака выйдзе з зямлі і зойме сваё русло.

Няпрыкметна ля самога сябе Рыгор падыйшоў к таму месцу, дзе сьценка падымаецца на гору, і лёгка, ды таксама няпрыкметна, падняўся, а там скора дайшоў да граніцы лесу.

Зразу яго абдаў пахучы смалою ветрык, да вушоў данёсься сьпеў пташак. Лясная краса так і цягнула яго, жывасілам, у глыб лесу, у гушчэрныя кусты ядлоўцаў, у падгалісты арэшнік. Але ён захацеў астацца з берагу лесу, на прагаліне; дзе абяцаў