Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апошняе настолькі ўсхвалявала Рыгора, што ён ажно так і ўзгарэў.

— Як? Васіль Бераг… сьмеў чапаць старую кабету? Ах, злодзей, ах, паскуднік няш-ш…часны…ы, Н-ну-у, распл…

— Ша, ша, сынок, ліха яго вазьмі. Ты з ім не займайся… мала што; ён нямоцна, — супакоіла сына Стэпа: — ня ў гэтым, Рыгорка, рэч… Гэта толькі маленькі прыклад… У огуле, сынок, так крута прыходзілася, што выказаць нельга.

Яна палажыла на стол лыжку і прадаўжала апавядаць:

— Прыдзеш, бывала, з падзёншчыны, сядзеш у запечку, абапрэшся галавою аб печ і зацягнеш думкі, бесканешныя, заблытаныя, цёмныя і адваротныя. Галава ажно трашчаць пачынае ад іх і, здаецца, вось-вось расколецца на дзьве палавіны — і тут табе каюк. Вядома, што-ж за дзіва, калі адсюль пралазіць гора, сьмяецца і скача… А к гэтаму яшчэ адна аднюсенька вакол: здэцца і зайду сягды-тагды да каго-небудзь, сям-там сустрэнуся з кім — і хоць, бачыш і ведаеш, што гэта людзі, такія-ж як і сама, але паткніся да іх са сваім горам, дык хто цябе выслухае? Хто захоча цябе суцешыць, калі ў кожнага свой клопат за горла давіць. А, думаецца, хаця-б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі-б цяжару спала з плеч! Колькі-б сілы прыбавілася-б табе! Дык не — ніхто. І ўсе думкі свае я варочала к табе, пасылала іх з лёгкім ветрам, з хуткай хмаркай. Сяду, бывала, у акне, альбо на прызьбе, прыгледжуся на маладых хлопцаў, тваіх таварышоў, і сама сабе кажу: якія-ж шчасьлівыя тыя мацеркі, чые дзеці жывуць пры іх заўсёды. У некаторых па трое, чацьвёра і ўсе пры хаце. А гэта — адным адно дзіця і з тым лёс разлучае, заганяе далёка ад вачэй. І як яму там паводзіцца: можа, няшчаснаму, трапляецца цэлымі днямі галоднаму і халоднаму ды неабмытаму быць, цёмных ночкі пад адчыненым небам каратаць. Слухаю гэта, як чытае Сёмка ці Пятрусь твой ліст і, хоць чую, што ты пішаш, як і што ты там жывеш, а, даль-бог-жа, душа ўсё ня хоча верыць, што праўду ты мне пішаш. Мне здавалася, што ты мяне толькі супакойваеш ды сьцяшаеш, каб не апячаліць мяне, а сам зносіш там усякія крыўды. Ой, Рыгорка мой, сынок мой, як рада я твайму прыезду, як я шчасьліва пацёшыцца з цябе!..

Рыгор сядзеў моўчкі. Мо’ ў паўгадзіны раз апускаў лыжку ў міску, падносіў к роту і ня чуў, ці браў яе ў рот, ці выліваў на