Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, то як сабе хочаш, — захванабэрыўся Васіль і зрабіў некалькі крокаў ад Янкі да парогу…

— Чакай, чакай, ня злуйся ўжо так: і я іду, — супыніў яго Янка.

Васіль павесялеў і, узяўшы таварыша пад руку, вышаў з ім з сянец.

Гэтае іх вазганіны ніхто не прыкмячаў, бо кожны меў сваю справу; толькі адзін Сёмка, як шпіён, сачыў за імі і так цешыўся ўнутры, што ня мог стрымацца, каб не сказаць Пятрусю і Гэлі. Яны ў траіх толькі і правялі сваімі ўзрокамі Васіля з Янкам з сянец. Гэта Васіль заўважыў і ўжо з-за вушака азірнуўся на сенцы ды пусьціў брудную лаянку.

— Ведаеш што Васіль, — загутарыў Янка, калі яны выходзілі з двара.

— А што?

— Толькі хай мы іх стрэнем, ты падыходзь, нічога не кажы і… бяры Зосю падпахі ды ідзі… Не зачэпе! А зачэпе — будзе каяцца…

А ты думаў што! Толькі-б, адно, дзе іх спаткаць, тады-б ня стаў цэрэмоніцца ні каліва, ні беднага; а слова адно наперакор прамовіць — зразу бацну ў морду, — пахваліўся Васіль. — Толькі кудэма нам ісьці, каб стрэць іх?

— Пачакай толькі: ці пахіліць нам сьпярша на Яўрэйскі перавулак, потым на Здобінскую вуліцу, га? — ні то парадзіў, ні то запытаў Янка.

— А давай! — згадзіўся Васіль, і яны павярнулі направа.

Ішлі сьпешна, бадзёра, адхіліўшы на тылак шапкі і расшпіліўшы каўняры; пападаючы на каменьні ці абсацам камаш, ці канцамі палак — толькі стук пускалі вакол. Васіль весь ажно пыхаў ад прагнага хаценьня, чымсь барджэй сустрэць Рыгора з Зосяю і раз назаўсюды адвадзіць яго ад яе…

«Ну, і задам-жа я сукінаму сыну. Найду з чым прычапіцца!» весяліў ён сам сябе.

Але, як на злосьць, праходзілі яны вуліцы і перавулкі, зварочвалі ў глухія завулкі, рабілі пярэсьцігі, хітравалі, а нічога ня выходзіла. То сям, то там спатыкалі парачкі, якія ці ішлі, ці сядзелі; або Янка або Васіль углядаліся ў твары, пазнавалі, давалі добры вечар, пытаць-жа аб Зосі з Рыгорам не хацелі…