Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быцца, яна нядбайна махала рукою і гневалася за тое, што ёй надазаляюць «ліха ведае чым».

Цяпер-жа, калі гэта «ліха ведае што» зноў зьявілася перад ёю, пачутае з вуснаў Рыгора і атруціўшае шчасьліва перажытыя квадранцы, Зося не на жарты задумалася, нават пасумнела і доўга не магла нічога сказаць…

Папраўдзе: што-ж яна зробіць? Ня пойдзе замуж за Васіля ды і годзі? Так-бы то яна сумела зрабіць, каб была адна, сама сабою, а то-ж яна жыве з бацькамі, у сям’і, ды бацька яе такі злы і настойны… Бацькава воля вісіць над ёю… Бацька! О, бацькі!..

«Але-ж я магу слухаць іх, як бацькоў, датуль, пакуль яны не запатрабуюць ад мяне болей, як ад дзіцяці», — думалася Зосі… «Ну, а калі яны пераступаюць гэта, намерваюцца нават заляйцаць мяне, каб кіраваць як бессьвядомай жывелай, — я ўжо пакідаю быць іх дзіцём. Магу запротэставаць, маю права ўступіцца за сябе, як за самастойнага і непадлеглага чалавека.

Гэтыя і падобныя ім перадумы зблытвалі перад Зосяю неразьвязны вузел задач, і яна мучылася няпэўнасьцю ў адказе Рыгору. Каб абмінуць гэта, Зося парадзіла:

— Не атручвайма, Рыгор, шчасьлівых хвілін. Мы жывом пакуль бягучым.

— У гэтым так мала ўцехі…

— Маўчы, прашу я…

І яна зноў задумалася.

— Я ўсімі сіламі буду змагацца, каб наша шчасьце надалей працягнулася, — пасьля некалькіх мінут змоўку, праказала Зося.

Рыгор нічога не адказаў: і большага ён ад Зосі патрабаваць ня мог; ня мог, бо знаў, што на большае — трэба больш сіл, а ў Зосі іх бракуе.

У яго зьявілася жаласьць к Зосі: ці-ж не даволі яе слоў для таго, каб паверыць ёй, што яна глыбока пакутуе?

— Дык заўтра сустрэнамся? — запытаў Рыгор, паракінуўшыся думкаю ў заўтрае.

— Няйначай, няйначай!

— А дзе?

— Дзе толькі ты хочаш і калі ты хочаш…

— Мне здаецца, ляпей усяго, у Хвойніку… Прыходзь так гадзіне а чацьвёртай, буду чакаць цябе ля сьценкі, з берагу…

Яны падыходзілі к хаце Прыдатных.