Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нічога, зайду дамоў… Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам?

— Або яны не праўдзівы?

Зося нічога не адказала.

— Чаго маўчыш?

Яна паціснула плячыма.

— Людзкое жыцьцё складаецца, часамі, зусім ад іх незалежна.

— Няўжо так будзе і з намі? Я-б таго не жадала.

— Вось гэта мне падабаецца. Калі ў цябе маецца сіла волі, то ты можаш яго павярнуць іначай, у другі бок…

Рыгор паглядзеў на Зосю, чакаючы, што яна адкажа.

— Ня думайма аб гэтым, — пачала яна: — Ведаеш, Рыгор, я-б, здаецца, ішла з табою так бясконца, нясупынна, хоць да таго мейсца, дзе ёсьць канец, зямлі дзе-б сіняе неба не загарадзіла нам пуціны. Павер, што ў табе адным зыйшліся ўсе мае жаданьні. Мне цяжка робіцца, калі я падумаю, што ўсё можа раптоўна рушыцца, разьбіцца на дробненькія кавалачкі, і я застануся ні з чым, адзінотаю, як апаўшы з дзярэўца лісток, замеценыя ветрам кудысь далёка на сьметнік… А гэта ўсё можа стацца. Але, не… што я. Не падумай, Рыгор, нічога дрэннага. Я… я буду змагацца да канца. І можа толькі ня хопіць сіл, ці ня знойдзецца дапамогі з боку — тады — пішы прапала. А калі залежыцьме ад мяне, то павер, што я — бяз бойкі ня здамся…

Рыгор настарожліва слухаў Зосю і цешыўся, што яна хоць у гутарцы ды мае гэткія дадзеныя, якімі ня сорамна пахваліцца каму ня хоць. Гэта, нова адкрытая Зосіна ўласьцівасьць дабаўляла яго пачуцьцю новае сілы і глубіны. Ён захапляўся думкамі, як павярнуць справу так, каб іхняя знаёмства ня кончылася ўпустую і не паслужыла козырам для тых, хто яго ненавідзеў, як ворага і каго ён лічыў тым-жа. Зося, як быццам-бы, давала на гэта права, калі верыць яе словам, але, сапраўды, ці ўсё залежыць ад Зосі? Можна было адчуваць, што ў ёй маюцца добрыя парывы, што яна не дазваляла і думаць, каб там, у яе за плячыма, гаспадарылі яе доляю, каб таргавалі яе любоўю, хочучы абмяняць на нейкую дзьмутую і няясную ёй знатнасьць ды славу, каб з яе пачуцьцём, як з картамі гулялі…

І хоць многія, пачынаючы ад бацькоў і канчаючы Гэляю, напаміналі Зосі аб Васілёвых сватох, якія маюцца хутка ад-