Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рамі месяц, да таго зблядзеў, што трудна яго адлічыць ад небнай сівізны.

Іх мо’ захапіў-бы на гэтай лаўцы і першы прамень зыйшоўшага сонца, ці рана ўстаўшы і накіраваўшы азіраць сваю палоску, рупны гаспадар сілцовец, або кемкі ўзрок клапатлівае гаспадыні з суседняе хаты, каб раптоўны зычны гук, данёсшыся з другога канца мястэчка не перабіў іх маўчаньне.

— Што там? — усхапіўшыся, трывожна запытала Зося.

— Ды нічога, нічога, — супакоіў яе Рыгор: — мо’ які падпіўшы буян разгарланіўся.

— Хаця-б не пажар толькі?

Тым часам крык паўтарыўся яшчэ некалькі раз, пачаў набліжацца, а потым разам сьціх.

— Гэта, бадай, што хлопцы расходзяцца ад Ліня, — дагадвалася Зося.

— Ці то можа быць? Ласьне? — дзівіўся Рыгор.

— Вось дзіва. Там гульня ідзе цалюсенькія ночы.

— Калі так, то, бадай, што хлопцы.

Зося паднялася з лаўкі і паглядзела на неба.

— Глядзі, расьвіло? Ці не пара і нам, Рыгор, ісьці да хаты?

Рыгор акінуў яе замілаваным узрокам і засьмяяўся:

— Два гады ня бачыліся, а стрэліся і гаварыць нечага… І хутчэй расходзіцца…

— Бо ты-ж павінен быў мне расказаць навіны, а між тым — ні слова…

— Я чакаў тваіх навін.

— Маіх навін? — Сьмяешся, Рыгор. Адкуль яны ў мяне?

— Такі ніякіх і няма?

Зося саромліва апусьціла вочы.

— Ты намякаеш мо’ на тыя чуткі, што пускаюць па мястэчку? Плюнь, Рыгор.

— Гэта ня сур’ёзна?

— Ня можа быць сур’ёзна… Эх!..

— Ну ідзем!

— Ідзем!

Яны рушылі ўсьцяж вуліцы.

З поля дзьмула сьвежым халадком, прабірала вільгацьцю.

— Табе холадна? — справіўся Рыгор.