Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чакай, мы зробім так, каб усё вышла гладка: ты пастой, ці пасядзі крыху, а я скажу Сёмку і праз колькі хвілін мы з ім выйдзем на двор, а потым сьпяшы і ты, — растлумачыла Зося.

— А ласьне ты баішся Васіля? — запытаў Рыгор, якому плян Зосі паказаўся крыху прыкрым.

— Не, ай-ай! І чаму ты ня хочаш зразумець? На што-ж, няйначай, каб усе бачылі? Ты-ж ведаеш: назаўтра па ўсіх Сілцох разьнясуць.

— А ты баішся?

— Ня тое, але…

— Дзіўна, аднак.

— Ну, ты-ж бацькоў маіх павінен ведаць.

Рыгор змоўчаў. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала шаптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам.

Перад Рыгорам мігаліся: Пятрусь з Гэляю, і Сёмка; Хірысон Пуза таптаўся тут-жа… Але між усямі ён сьцярог толькі Зосю, ня спускаючы яе з вачэй; зрэдку ён яшчэ пазіраў на Васіля, каторы ўжо тупаў па сенцах, аб чымся гутаручы з выйшаўшым у сені Янкам Грыбам… Хвіліна ад хвіліны Васіль пазіраў на Рыгора, штосьці паказваючы Янку. Раптам яны выйшлі і праз квадранец вярнуліся назад.

Гэты Васілёвыя манэўры настаражылі Рыгора: ён дагадваўся, што Васіль хоча яму нешта падстроіць, але яму было сьмешна з гэтага.

Рыгор бачыў як гэткую-ж насьмешку з Васіля састроіў і Сёмка, вывеўшы ў яго на вачох Зосю з сянец.

Васіль, астаўшыся ў дурнях, падаў выгляд, што не заўважыў гэтага, але пільна сачыў за Рыгорам, пакуль той ня пакінуў зборні.

На вуліцы стаяла поўнач, і маладзік у апошняй квадры толькі што вылез з-за лесу. Хоць ён быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок бяз ручкі, усё-такі ад яго было даволі відно.

Рыгор мерным ступам, ня спускаючы вачэй, накіраваў уздоўж вуліцы і праз хвілін дзесяць, ня болей, апынуўся на загіне, дзе спыніўся і пачаў разьзіраць па бакох. Сёмкі з Зосяю ня відаць было. «Дзе-б яны загінулі? Бадай, чакалі-чакалі мяне і пашлі далей, — рашыў ён, — і надаўгад павярнуў направа, пад Алюстратаву хату. Ішоў ціха, над нечым думаючы і сумеўся, як раптам, з-пад плоту чыйгосьць саду яго пазвалі:

— Куды, ты?