Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чуеш, што за ігрышча там? — запытаў Сёмка. — Вось гэта і ёсьць Лінява хата. Дзівіся!

— Гэта?

— Але.

— Ну, дык зразу павернем, ці перш паглядзімо? — запытаў Рыгор, якому ніякава стала ад таго, калі ён падумаў, што ўсе на яго вырачаць вочы і пачнуць ахаць ад яго неспадзяванага прыходу.

— А чаго-ж саромецца, ідзем.

І не пасьпеў Рыгор азірнуцца, як яны ачуліся ў сенцах.

Сапраўды Рыгораў прыход для ўсіх прысутных, апроч Пятруся і Зосі, ды Гэлі, быў зусім нечаканым. У момант сьціхлі песьні, скончыліся жарты, зьбіліся ў кучу скокі і ўсе як адзін, згрудзіўшыся ў гурток, устрамілі вочы на Рыгора. Пятрусь, які перш не хацеў таўхацца ў гурце, таксама пралез к Рыгору і пачаў спавядаць яго за тое, чаму ён спазьніўся і так доўга ня прыходзіў. Пасьля Рыгора пачалі горача вітаць. Нават многія, якіх Рыгор ня помніў і якія Рыгора мала зналі, не адставалі ад усіх. Толькі адзін Васіль стаяў нааддалёк, ля жарон і, адвярнуўшы голаў, задумана азіраў сьцены, столь і чатыры старых аблезшых абразкі.

Рыгора гэта спатканьне лісьціла. Ён не чакаў, каб яго прыходу аддалі гэткую ўвагу. Зьдзіўлена, з няскрытым задавальненьнем ён міла паглядзеў на ўсіх. Але, калі яго ўзрокі спаткаліся з Васілёвымі, то той воража адвярнуў голаў. Рыгор скмеціў гэта і яхідна ўхмыльнуўся.

— Зося! — клікнуў ён, калі ўсе вярнуліся да перарваных гульняў.

Зося падышла і гасьцінна прывіталася.

— Калі-ж ты прыехаў? — запытала яна.

— Сёньня, у абед, — адказаў Рыгор.

— І ўжо пасьпеў барджэй сюды прыбегчы? — сьмяшліва праказала Зося.

— Цябе захацелася ўбачыць, — пажартаваў Рыгор.

— Вось памалу толькі, — адказала Зося: — падзівіся толькі, як вораг твой на цябе пазірае, — пажартавала яна.

Рыгор усьміхнуўся й кінуў вёрткі ўзрок у бок, дзе стаяў Васіль, якому, відаць, было ні да скокаў і ні да жартаў.

— Буду мець гэта на прымеце, — адказаў Рыгор. — А ўсё-такі можа мы выйдзем крыху прайсьціся? — запрапанаваў ён Зосі.