Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор хутка спыніўся і аглянуўся на вокліч: к яму падходзілі Сёмка з Зосяю.

— Куды ты так разагнаўся? — сьмяючыся запытаў Сёмка.

— А хто вас ведае, куды вы схаваліся і дзе вас шукаць! — адказаў Рыгор.

— Вось трэба было пачакаць крыху на загіне — і мы вярнуліся-б, — весела паведаміла Зося, падышоўшы так блізка к Рыгору, што той пачуў яе цёплае, ап’яняючае дыханьне і ўгледзіў белы, чысты прыгожы твар. Сёмка выпусьціў Зосіну руку і адступіў крок назад.

— Я пайду, хай вам добра гуляецца! — пажартаваў ён і разьвітаўся.

— А Гэля там, бадай, адна застанецца, — запытала Зося ў Рыгора, калі Сёмка быў ужо ваддалёк ад іх.

— Нічога, Сёмка яшчэ яе застане там, ды і Пятруся я пакінуў здаецца, у Ліня.

Адказаў Рыгор на Зосіна запытаньне, потым змаўчаў: ні то ня прыдумаў, з чаго-б ушчаць новую гутарку, ні то і меў што казаць ды не хацеў, чакаючы першага слова ад Зосі.

Зося таксама маўчала…

Але, калі іх языкі не варочаліся і не выпускалі губы зыкаў, затое маладыя гарачыя сэрцы абменьваліся шчырым, цёплым, поўным кіпучага агню пачуцьцем; разьюшана біліся яны ў тахт адно другому, быццам рваліся выйсьці з грудзей і зьліцца ў адно. Як Рыгор, так і Зося адчувалі гэта, ведалі, і чатыры зыркіх вочэй скрыжаваўшыся сваімі ўзрокамі, паказвалі гэту ведамасьць.

Калі яны крануліся ісьці, то Зося міла пахіліла галоў на Рыгорава плячо, а бокам шчыльна прыліпла к яго руцэ.

Няпрыкметна для саміх сябе, яны падыйшлі к самаму канцу вуліцы, з якое пабегла дарога ў поле.

З самага краю вуліцы, па левым яе баку, стаяла падбудаваная, яшчэ зусім прыстойная хата, з двух бакоў асаджаная тоўстымі бярозамі і клянінамі, упярэмяшку з садовымі дрэўцамі. Калісь, як Рыгор успомніў, у гэтай хаце жыў Міхась Цьвік, а пасьля сьмерці, калі той запісаў яе свайму ўнуку Кастусю, у яе мусілі перабрацца нейкія шляхты з суседняга з Сілцамі засьценку. Хто-ж цяпер валадае гэтаю хатаю — Рыгор ня ведаў, ды ня вельмі і цікавіла яго ведаць.