Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

V

ЗАСНУЎШЫ, Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок, ня хроп, як заўсёды, нават, здавалася, і ня дыхаў, хоць было відаць, як яго шырокія здаровыя грудзі, грудзі зусім не дваццаці двух-гадовага хлопца, а саракалетняга мужчыны, як гэтыя грудзі мерна ды паважна падымаліся, ды апускаліся. Адна яго рука ляжала так, што пальцамі трымала вуха, а локаць выдаваўся на хату: другая рука была працягнута ўздоўж усяго цела, траха не да самых кален проста выцягнутых ног. Коўдра прыкрывала яго да самае галавы і ляжала весь час так, як палажыла яе маці. Хоць у хаце і гудзелі мухі, але ніводная як згаварыўшыся, і не пасягла садзіцца яму на твар, ці на руку. Многія нават і не падляталі блізка, а каторая зьнянацку спускалася, то толькі, здавалася, каб паглядзець на яго поўнае, маладое ліцо.

Стэпа, прылёгшы каля печы, спала ня так смачна, ня так спакойна, як яе сын. Старыя гады, пакутнае жыцьцё, аднялі ад яе гэта. Некалькі раз яна паднімалася з полу, праходжвала па хаце, падыходзіла да сынавай пасьцелі, умільна і спачувальна ўзіралася ў яго заплюшчаныя вочы, абвітыя сьветла-шэрымі дугамі броў, у роўны, стройнага абрысу нос, у поўныя губы, у белыя валасінкі вузенькіх вусікаў. Узіралася подаўгу, запойна, і ў яе мацярыных грудзёх кіпелі хвалі невыказанай, нязьмернай, неапетай нікім у канец любові і к свайму адзінаму сынку. Гэта яе любоў разьлівалася па ўсім целе, кіравала ўсім чуцьцём і думкамі і неабачным, схаваным ля вачэй праменьнем пераходзіла з яе істоты ў Рыгоравы. Ёй, Стэпе, перацярпеўшай столькі нядолі і пагарды і дажыўшай да таго, што яна мае свайго абаронцу, які ў кожны момант уступіцца за сваю мацеру, — ці-ж ня вялікае шчасьце, ці-ж ня глыбокая радасьць?

«Чаго хацела — таго і дачакала!» і вольна і бязвольна шапталі яе губы, цюкала сэрца.

І хоць уперадзе бачылася і чакалася старасьць, і хоць зналася добра, што працаваць трэба будзе і тады, мо’ аж да самае сьмерці, бо не працаваць, сядзець нядбайна, — ці-ж можна? — хоць зналася гэта, патом нічуткі ня пужала яе, нічуткі ня суміла яе думак і надзей.

У густым сплёту жаданьняў і радасьці Стэпа прысядала на