Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, цётка, вы так не кажэце: там гадзіньнік заўсёды верны, — разуважыў Пятрусь.

— Да будзе ўжо шалабоніць — хадзем; а то і гадзіньнік таго ня варт, каб аб ём столькі гаварыць — пазваў Сёмка таварыша.

— Гэта праўдзівей усякіх гадзіньнікаў, што ад самага раньня прасядзелі тут. Бацькі, напэўна чакаюць мяне.

— Ды і мне маці здорава шпэлаху ўсыпле. Мне яшчэ зранку трэба было парадзіцца з ёю наконт аднэй тэрміновай справы, а я і нібыта той… Хадзем такі, хадзем, — зарухаўся Пятрусь.

Сказаўшы гэта, ён хутка схапіў шапку, неахайна ўзьдзеў яе на голаў і, тузнуўшы Сёмку за рукаў, павярнуў к парогу.

— Ты толькі, Грышка, вечарам ня баўся дома; прачынайся раней і прыходзь да Ліня, — праказаў Сёмка на хаду. — Ага, бок! — ён спыніўся: — ты мо’ ўжо забыўся дзе жыве Лінь?

— А такі і гатоў заблудзіць, — сьмяючыся адказаў Рыгор.

— Ды на Ляшы, у тым-жа рове; там, брат, цяпер зрабілася такая зборня, што хоць куды! Траха ня з усіх вуліц сходзяцца дзяўчаты, прыходзіць часта і яўрэйская моладзь. Калі туды ня трапіш — паўнюсенька хата: пяюць, крычаць, жартуюць, а Лініха — ні слова: глядзіць ды толькі цешыцца.

— Бачыш ты?

— Сапраўды, вось прыходзь — праканаешся… Ды і Зося сёньні, бадай, там будзе, — з таемным сьмяшком дабавіў Сёмка.

Рыгор дагэтуль спакойны, задаволена расьсьмяяўся і каўтнуў сьліну. Стэпа-ж увесь час не пакідала ўсьміхацца: вясёлая ўсьмешка быццам ўрасла ў яе твар, каб ня стухнуць цэлы дзень.

— А вы там скора будзеце? — запытаў Рыгор.

— Вось хай толькі крыху сьцямнее, — у адзін голас адказалі Пятрусь і Сёмка і пераступілі парог.

— Бывайце здаровы, цётачка, дзякуем за пачостку; жадаем на Рыгоравым вясельлі паўторна сыйсьціся, — ужо ў сенях пажадаў Сёмка.

— І вам шчыра дзякую, мае дзетачкі, што вы ўсё-ткі не забываеце нас… Прыходзьце, даражэнькія мае, часьцей: вы толькі і засталіся нашымі сябрамі-дабрадзеямі, — паслала ў дагон ім Стэпа.

Але апошніх слоў яе хлопцы ня пачулі: шчыльна зачыненыя дзьверы затрымалі іх ў сенцах.

— Такі я лягу крыху задрамлю, — пазяваючы, праказаў Рыгор, увайшоўшы ў хату.