Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— О, чаму не; дзяўчына яшчэ зусім маладая і нявопытная, бацькі пагнуць у той бок, куды толькі ім захочацца: пачне спрачацца — то найдуць раду… Пакуль — бацькава воля…

— Ды апроч гэтай бацькавай волі, яшчэ і слаўнасьць гэта іх, вядомасьць гэта старасьвецкая, многаму перашкаджае. Ого, што знача Бераг! Гэта ня нам, голікам ды дэмократам, раўня, — пасьмяяўся Пятрусь.

— Праўда, сынок, праўда, — вось гэта рацыя! — махаючы галавою падмацавала Пятрусёвы словы Стэпа.

У гэты момант з вуліцы данёсься прарэзьлізвы крык; хлопцы раптам кінуліся ў вокны і выглянулі на вуліцу: ля суседняе хаты Сідара Кажуха стаяла грамада людзей, вакол якіх, як шалёныя, бегалі дзесяткі дзяцей.

— Давай яму, давай!

— Адчынеце вокны! — парадзіла Стэпа.

Сёмка адчыніў акно і падазваў хлапчука. Той шустра і рухава падбег к вакну і тоненькім, рэзвым галаском прапяяў:

— А то Юзя з Гапай б’юцца!..

— А за што яны?

— Талэся Юзіна з Юзікам Гапіным пабіліся-а, — разьвёў шапялявы хлапчук.

Усе разрагаталіся.

— Ну, і дурніцы-ж, ізноў сварацца, — праказаў Сёмка і першы вылез з акна. За ім адхіліліся і Пятрусь з Рыгорам.

— Хіба трэ’ ўжо адпраўляцца да хаты, — зірнуўшы на гадзіньнік, праказаў Пятрусь: — ужо пятая гадзі-і-іна-а! — завёў ён і ўсхапіўся з мейсца.

— Няўжо? і можа? — зьдзівіўся Сёмка.

— Во, пабач, калі ня верыш, — паднёс к яго вачам Пятрусь чорны сталёвы гадзіньніх, падвешаны на тоўстым жоўтым, ні то мясанджовым, ні то новага золата, ланцужку.

Сёмка паглядзеў на цыфэрблят і пажартаваў:

— Ты то ня хлусіш, а гадзіньнік, нябось, крыху кламіць?

— А можа наадварот? не дапускаеш?

— Чаму не, колькі хоць!

— Не, па праўдзе кажу, — перайшоў на сур’ёз Пятрусь: — учора адвячоркам зьвяраўся на почце: кропля ў кроплю з паштовым.

— Эй, а паштовы то думаеш сапраўдны? і там ня вельмі сочаць за гэтым, — праказала сваю думку Стэпа.