Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, ды там не панашаму: зразумела, горад — не мястэчка. Што ў нас: пятнаццаць-дваццаць хлопцаў і ўся організацыя… Сто тысяч рабочых — гэта ня жарты!.. Соцыял-дэмократычная організацыя налічвае…

Прысутнасьць Стэпы паперашкодзіла хлопцам гутарыць на гэтую тэму і яны перайшлі да дзяўчат.

— Ты, пэўна, і ня ведаеш, што табе Васіль Бераг ставіць падножку, — заўважыў Сёмка.

— У чым? — пацікавіўся Рыгор.

— Зарыцца на Зосю!

— Сур’ёзна?

— Вось дзіўны які, дык гэта-ж пазаўтра маюць адбыцца ўладзіны, а на Пятра і сваты, — упэўнена сказаў Сёмка.

— Не, гэтага то мо’ яшчэ і ня будзе… толькі… — ня згоджваўся Пятрусь.

— Я табе кажу, — перабіў на паўслове Сёмка: — ты мо’ нічога ня ведаеш, а мне надоячы Янка Грыб перадаваў, што Васіль сам яму хваліўся пра гэта.

— Мала што Грыб будзе брахаць; гэта-ж усё наперакор, на колькі намерана…

— Ды што ты, сапраўды…

— Ну, можа быць, — сумеўшыся дапусьціў Пятрусь: — толькі мне заўчора яшчэ Зося казала, што ў іх хаце нічога такога ня чуваць.

— Хлусіць, хлусіць, — нячакана ўкінула і Стэпа: — я чула, што няйначай, як у аўторак адбудуцца сваты.

— А паганскі, гэты Бераг, хлопец; такі хуліган, такі абармот; ды ці-ж хто ў Сілцох ня ведае іх котлішча!?.

— Але, але; знатны, падумаеш, дзедзіч… весь час ні з кім, апроч як са стараставым ды з вураднікавым сынамі. Ды, прахвост, удае кожнага. Думаеце Юстын Корч не праз яго ласку ў Сібір угадзіў?.. Ого-а!

— Гэта яшчэ ў сёмым годзе? — справіўся Рыгор.

— Але… Вось такому злыдню… Дурная Зося!

— Ну, што-ж парадзіш, — сьціснуў плячыма Рыгор: — на тое, мабыць, ідзецца.

— Няўжо-такі бацькі згодзяцца за такую неўдаль выдаць яе? — закінуў пытаньне ні то аднаму сабе, ні то на разгадку ўсім, Пятрусь.