Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праца была нялёгкая. Хто ня ведае працы балагола?.. Уставаць трэба было да сонца, а ня то — дык цэлымі начамі быць у дарозе, не даядаць, не дапіваць, мокнуць пад дажджом; за ўсякую вінную і нявінную псуту ўручанай рэчы — адказваць сваім незавідным, нікчэмным заработкам. Цяжка і неўмагату рабілася Рыгору гэта служба, але ўсё такі ён не сумаваўся — праслужыў у Бэркі болей двух гадоў… І мо’ служыў-бы яшчэ шмат болей, каб не прышлося перасварыцца і атрымаць рашчот. Рашчытаўся Рыгор у такі час, калі некуды было кінуцца, за невашта было ўзяцца. Што-ж? Сядзець склаўшы рукі? Пры яго палажэньні — зусім нельга.

Прагуляўшы нядзель со тры бяз усякае работы, Рыгор адважыўся рызыкнуць і наўгадай адправіцца ў горад шукаць работы на заводзе. Задумаў і перш трымаў пры сабе, а потым рашыў і мацеры сказаць.

— Маці, што-ж мне тут нудзець бяз працы; паеду я ў горад, а ну-ж і ўстрамлюся дзе-кольвек.

Маці гэта азадачыла.

— Рыгор, сынок мой, з кім-жа я застануся? — схамянулася, як ад спуду Стэпа.

— Да ці-ж я загіну?

— Ды ня ў тым рэч, але мне тут аднэй…

Рыгор быў неўгамонным. Вечарам, з серады на чацьвер, на другім тыдні пасьля багатніка, ён разьвітаўся з мацераю і, каб больш ніхто ня знаў і ня бачыў, з торбачкаю за плячыма вышаў з двара.

Пасьля яго выезду Стэпа доўга не магла згадзіцца з яго адсутнасьцю і нават ночы ня спала: плакала, божкала, скардзілася на сваю долю.

І толькі калі праз дзьве нядзелі ёй паштальён прынёс ліст сына, больш-менш супакоілася…

Усё гэта хутка праняслося ў яе галаве, устрапянула сэрцам і зноў адляцела кудысьці…

Хлопцы сядзелі за сталом і абгаварвалі бягучыя пытаньні. Рыгора цікавіла палажэньне ў Сілцох, становішча ў мясцовай організацыі, доля арыштаваных і сасланых у 1906 г. за рэволюцыю сілкоўцаў. Сёмка і Пятрусь не сьціхалі распытываць пра Рыгу.

— Ой, браткі, у Рызе не па вашаму! — хваліўся Рыгор.