Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— З Рыгі еду, сусед Шэя! Еду да хаты, ды вось і спыніўся: трэба пасьпяшаць.

— Ага, ага! О, о, гэта Рыга вялікі горад! Го, што за горад! Так, так, так! І мае сваякі жывуць — на Маскоўскім прадмесьці, мо’ Нязвычны знае? У іх вялікі магазын — ботамі таргуюць.

— Ну, едзем, едзем, Шэя! — панукнуў гаманлівага яўрэя Рыгор.

— Вось, вось, я ўраз зьбегаю за канём; бач, мае падводы тут яшчэ няма. Я ў Хацкеля, у Падлужжы, начаваў.

— Дык яшчэ доўга прамарудзіш? Э-эй-э! Шэя, Шэя!

— Не, не, адна хвіліна! — затрапятаў рукамі Шэя і выбег.

— Толькі-ж хутчэй, толькі хутчэй, — падагнаў яго Рыгор, рагочучы з рухавага вазьніцы.

Калі Шэя схаваўся за дзьвярыма, Рыгор узяў свае клункі, падыйшоў к лаўцы і прысеў; потым дастаў з сподняе кішэні згорневую ў чатыры столкі газэту, расхіліў яе і пачаў бегаць вачыма па ўсёй яе шырызьне.

На станцыі было настаяшча відна, бо на дварэ ўжо набліжаўся ўсход сонца, і мяккім, мэрам-бы зьвільжаным расою, чырвона-бурашным праменьнем неба аблівала вышэйшыя мясьціны абочнае абшары, лясы, цёмназялёныя і спакойныя сады, вадакачку і станцыю.

Ня гледзячы на тое, што Рыгор ня спаў амаль усю ноч, а толькі прыдрэмліваў зьлегку, ён чуў сябе бадзёра і саўсім нясонна.

Пакуль Шэя справіўся з канём, ён пасьпеў праглядзець усю газэту і нават некалькі разоў сумеў выйсьці на пляцформу.

— Я ўжо гатоў, сусед Нязвычны! — далікатна і ўслужна прамовіў Шэя, шустра выбегшы на пляцформу і тузнуўшы Рыгора за рукаў жакеткі.

— Дужа хутка, няма чаго казаць, — пасьмяяўся з яго Рыгор.

— О-о-о! У мяне заўсёды скора! — не зразумеўшы кпінаў адказаў Шэя. — Я хоць і стары, а жвавасьці ды рухавасьці маю досыць, з любым маладым магу справіцца, — хвалько дабавіў ён і лісьліва ўхмыльнуўся.

— Хоць ты і лёгкім атэстуешся, а нам трэба яшчэ лягчэй ехаць, — сьмехам праказаў Рыгор і пабег на станцыю, пакінуўшы Шэю аднаго; а покуль той са сваёю рухавасьцю ўвайшоў у станцыю, Рыгор ужо пасьпеў захапіць свой куфэрак, выбегчы з ім на вуліцу і схаваць яго на возе ў саломе.