Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ай, ай, няхай-бы, сусед, мне даў, я-б сам усё гэта зрабіў, на вошта, суседу, мардавацца, — выбачаўся Шэя Рыгору, бачачы, як той гаспадарыць у яго возе.

— Нічога, нічога, я хоць ня швыдка ды хутка, — ізноў падпусьціў шпільку Рыгор.

— Не, бач, на што-ж, суседу, калі я сам. Ну, дык проша сядаць, — зьвярнуўся Шэя к Рыгору.

Рыгор спрытна ўскочыў на воз, паправіў пад сядзеньнем салому, прыгарнуўшы яе і заслаўшы нейкаю старою, забруджанаю дзяругаю, азірнуўся на станцыю і праказаў.

— Дык — фор гізунд!

— Ну, зайн-гізунд! — весела і скорамоўна адсек Шэя і барджэй хапіў лейцы і тузнуў каня.

Рухавы, хоць нячэмненькі і мізэрны буланчык Шэі, рэзва закруціў хвастом, матнуў галавою і задрабязіў каляіністаю дарогаю. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў перш на аглабіне, потым пярамясьціўся ў перадок.

На дварэ стаяла дзіўная пагода. Зялёныя галы палёў разгорталіся далёка-далёка на ўсе бакі; направа ад іх глядзеўся цёмны густы лес і, здавалася, то была барада нейкага вялізарнага чудзішча, адзетага ў пекны, руцяной зелені халат-поле і падпяразанага белаватым ні то поясам, ні то трапкачом — дарогаю, па якой з лёгкім грукатам кацілася іх падвода.

Рыгор ня спускаў вачэй з вакольных ніў. Яму на станцыю Ліцк, уперад таму гадоў некалькі, траплялася езьдзіць вельмі часта, па тры, па чатыры разы ў тыдзень, і ўсе гэтыя месцы паабапал Ліцкага тракту былі яму досыць знаёмы і памятны. Трэба было кінуць першым узрокам вакол сябе, як тоненькі туман, зацягнуўшы памяць, раптам распыліўся, зьнік і ўсе дэталі знаёмага і блізкага вобразу мігам бліснулі-уваскросьлі перад яго вачыма: ляскі, сіратлівыя грушкі ды яблынкі, ядлоўцавыя кусьцікі па межах, старыя замшалыя платы, выбітыя да чорнага выганы, рэчкі-жарольцы, мосьцікі дзіравыя. Уваскросла, ажыло, і, здаецца, загаманіла з ім кожнаю зялінкаю расьлін, кожным чвырыканьнем пташкі, кожным бульканьнем рачулак; ачаравала яго нейкаю не земляною, салодка-казлычнаю, прагнаю ласкаю, «як ласка каханае дзяўчыны» ўліла ў яго істоту жывільны сок, струмень бадзёрасьці.