Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/445

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жніва хопіць на тыдзень, на два! Толькі-б стараньне, толькі-б ахвота!.. Праца любіць адпачынак…

Ведаюць жанцы. Адыходзяць ад жыта, выпростваюцца. Зьбіраюць клумкі, парожнія баклажкі і глякі. Мацяркі — калыскі з дзяцьмі… Ізноў на сьценкі, на дарожкі, на сьцяжынкі. Шнурочкамі — у Сілцы. Нагараваліся? Пэўна! Але пяюць, мэрам і ранкам. Ротат і гукі. Пучкі зажыну ўбіраюць іх постаці. Чыстае паветра ловіць іх, даючы волю ляцець далёка к лесу, у даліну.

Пакуль пяюць жанцы, маўчаць іншыя песьні, песьні калёс. Скора-скора загрукаюць яны па каменьнях, паднімаючы пыл і вязучы поўныя вазы снапоў. Скора! Хай толькі падсохне жыта, хай прагучаць першыя песьні жанцоў… Пакуль — пяршыня: жыта не ўвассала патрэбнага цяпла. Зерне не ўвашло ў сілу. Пасьвеціць сонца сем-восем дзён, сьцісьне зерняты, згоніць вільгаць — уверана кладзі ў стоўп. Зьнятае з кораню — жыта маладое, набрынялы колас. І песьня жанцоў — маладая. Першы дзень — зажынкі. Жытні водыр бадзёрыць жанцоў, калышучы радасным сэрцам. Няхай сабе ня відаць канца палосак і недалёка ад іх жаўцеюць іншыя — з ярыною, — праца лічыцца зажынкамі. Весела лунаюць зацяжныя мотывы; нясуцца далёка поверхам жытніх каласоў. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае іржышча будзе пустым галам выглядаць. Тады пакажа сваю здань блізкая восень. А пакуль — пяршыня. Таму так голасна зычаць сьвежыя галасы жанцоў, так спора ідзе жніво, так многа зжата за дзень! Пяршыня…


VII

БЫЎ ПОЛУДЗЕНЬ трэцяга дня жніва. На пожні ў двух мясцох стаялі грамадкі сілцоўцаў і ўголас абгаварвалі здарэньне, якое адбылося на іх вачох. Васіль сіберна, бязьлітасна назьдзекваўся з Зосі. Каб не абаранілі яе падасьпеўшы к часу Сёмка з Хірысонам Пузам, скалечыў-бы маладзіцу. За вошта? З якое прычыны? Аб гэтым судзілі дваяка: там, дзе грамадка складалася з Сёмкі, Пятруся і некалькі іншых, вінавацілі Васіля. Наадварот, у другой грамадцы адказнасьць ускладалі на Зосю. Сёмка расказваў: