Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/444

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нанаю воляю, агульным жаданьнем, супольным пачуцьцём нахіляюцца да жыта, махаючы сярпамі. Памерна, як адзін, злучанымі махамі рук, падобным аднаму згібам плеч, стройным замахам сярпа — жнуць. Жнуць? Мэрам-бы пэрлы зьбіраюць з вясёлымі песьнямі. Няхай ніжа сонца стрэламі праменьняў іх скручаныя ў дугу сьпіны і шырокімі рагамі гоніць пот па ўсім целе — ня цяжка, пяюць. Жыта кладзецца роўным простам; гострыя іржакі пазадзе. Умалотнае? Гоны сажнуць — лічацца снапы: колькі іх? Будуць вязацца, будуць у мэндлі складацца — будуць лічыцца. А сонца толькі-толькі падбіраецца к палудню. Вось яшчэ больш прыпячэ! Ня відаць хмурынкі. Сышлі яны ранкам з паземаў, адчыніўшы сінія шыры неба. Як ня радавацца, жнучы сьпелае жыта, як не пяяць! І над золатам каласоў і над простам снапоў лунае песьня. З ёю грае перапёлка — там у жыце шнайдарыць. Любіць яго пах, любіць гушчэчу цырбуноў. Хутка- хутка мінецца гэта роскаш — перапёлка шкадуе. Шкадуе і жоўтабрушка — ня будзе схову ў непагоду. А шпакі кучамі пралятаюць над жанцамі, чуюць высыпаныя зерняты. Ападуць ў іржышча і, мэрам тыя жанцы, захопяць палоску, прабягуць ёю і зьбяруць зерняты. Сядуць яны ў бабкі — няхай толькі зьвяжуць жанцы.

Перад вечарам пачынаюць вязаць. Паднімаецца жыта снапамі, у пояс падпяразанымі. Растуць мэндлі роўнымі нізкімі крыжыкамі. Паглядзіш, як салдаты. Доўгі цень уцякае ад жанцоў: вада астудзіць смагу. Вада! І яна сагрэлася ў баклажках пад лахманамі, пад жытам. Колькі ні цадзі — хочацца болей. Палудзень апаражніў чуць не да дна — астача, як луг. А піць — няма рады. Здэцца халадней, і лунь закурыўся над поплавам, а смага пячэ. Чуваць — шчыміць сьпіна ды ломіць рукі. Вось ужо дзесяць гадзін працы! Якое гала іржышча, колькі бабак настаўлена! Можа годзе? Ой, не! Гэткі дзень, гэткая пагода! Што заўтра будзе? Трэба жаць — няхай мінае дванаццаць гадзін, няхай прыдзе трынаццатая… Вельмі ўжо сонца міла глядзіць, вельмі ўжо жыта соладка пахне, пекна так сьвішчуць каласы. А жыта, жыта — з залатога на чырвонае зьмянілася. Зіхаціць, пераліваецца. Як яго ня жаць, ня зьбіраць у снапы! Зажын, зажын, зажын… Трое жмень. Трое жмень, а там і гоны…

Ды ці ўсё-ж зжаць увадзін дзень? Жанцы, надыходзіць змрок! Пакіньце сілы назаўтра! За жытам сьпее ячмень ды авёс.