Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/443

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Так не ў пару, так не ў пару дажджы!

Але раніца, раньняя раніца прынясла надзеі. Ужо апоўначы хмары сталі радзейшымі, а к усходу сонца яны парваліся на кавалачкі, распаўзьліся па белаватай сіні паземаў і выпусьцілі першы сонечны промень. Які быў ён чулы! Пралез у тысячы вокан, апаў на тысячы ачэй, падняў, узварушыў, закалыхаў Сілцамі. Мястэчкам праняслася творчая завіруха: высыпалі з хат старыя, малыя, мужчыны, кабеты. Як па командзе, зачынялі вешніцы, запіралі дзьверы і з падводамі ды пешкам сьпяшылі да жытніх палеткаў. Мэрам-бы хтосьці іх зваў на бяседу, на ўрачыстасьць: уподбег, не азіраючыся, падкасаўшы порткі, падаткнуўшы спадніцы, моўчкі, з прагнымі ўзрокамі, шнуравалі перавулкамі, вулічкамі, сьцежкамі, мяжынкамі. У белых сарочках, быццам на таінства якое! Чорнымі дужкамі — сымболь працы — пераціналі сьпіны гострыя сярпы.

Сілцы перабіраліся ў поле. Сілцы заціхалі, каб посьвіст сярпоў ды шалясьценьне жыта даходзіла да рашчыненых гумен, да падсушаных такоў. Рэдкія асобы заставаліся пры хатах: дзе бабулька старая з дзіцём, дзе нядужы дзядок. А то бегалі падсьвінакі па дварох, узьляталі на платы куры — і годзі. Жніво! Прыпар! Час, якому няма роўнага ў годзе. Пара, калі жытнія каласы ўбіраюцца думкамі селяніна, як новаю красою, жаўцеюць надзеяй… Жыта — хлебароб: чародны пераплёт жыцьця, злука прыроды з чалавекам!

Вось шырокае палатно жытніх ніў. Як вокам акінуць, цягнуцца яны далёка к лесу, за ўзгорак. Глядзець упапярок — зьлітны, суцэльны! Дзе тая прымета затрачанай працы кожнага працаўніка! Але роўныя ніткі-межы ўдаўжкі рэжуць цэлы кусок на вузкія шнуркі-палоскі. Многа іх выразана з гэтага палатна. І кожная палоска з далёкага далёку, з дому, заве да сябе гаспадара…

Сыходзяць жанцы з дарожак ды сьцежак, раўняюцца з нівамі і гінуць за яго густою высокаю сьцяною. Гэтак птушкі, ападаючы на зямлю, рассыпаюцца ў шчэці травы, зьнікаючы з вачэй у вадгоне ад цябе. Падыходзіш бліжэй — яны вось тут, вунь дзе: рухаюць, трапечуцца, — то іх праца за крупінку хлеба. І жанцы: па адным, па два каля палоскі, у радок, ад краю сьценкі прыпыняюцца, паглядаюць на сонца і пачынаюць працу — жаць. Як жрацы перад алтаром, белым ланцугом, паяд-