Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/442

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ці варта гоман паднімаць! Брахуха гэтая ліха ведае чаго напляце, ці-ж браць да сэрца? Цудныя вы!..

— Дарма ня будзе казаць…

— Га-а! Веданая ўжо штучка… Дурны Мікола, што чапаўся з гэтаю яшчарыцаю. Хай яе добрыя людзі ня знаюць… Або адрэжаш ёй язык?..

Зося скарыстала выпадак і ўпікнула сьвякроў:

— Ёй хочацца крычаць: скора цяжкаю стала…

— Маўчы-і… — няўтрымалася Тадося.

Хлёр супыніў братавую, дапомніў ранейшую думку, што ня варта самім падаграваць справы з-за мінулага, і папрасіў надалей не сарамаціцца перад людзьмі.

— Вы думаеце што, — людзям на руку будзе. Пачні на кожную брахню адгуквацца — сьцерпу ня хопіць. Вось калі…

Васіль слухаў дзядзькі, але на гэты раз і яго дзядзькавы словы не праймалі: цьвёрды, мулкі камячок злосьці і недавер’я к жонцы ўсё бліжэй падбіраўся да сэрца, рос, брыняў і ждаў моманту лопнуць зьверскім нездаваленьнем на Зосю… Сумныя ўзрокі, што пасылаў ён да яе, сьведчылі аб тым…

Сьведчылі і дапаміналі Зосі аб нядобрым, але — невядомая сіла цягнула яе кудысь далёка, у шэрае наступнае, адкуль выглядала здань незабытага, памятнага Рыгора.


VI

ЖНІВО! Гэтым годам яно спазьнілася дзён на восем. Але гэта не адбілася на яго харастве, на прыгожасьці гармоніі працы, уядранай сьпелым залатым жытам. Роўная цёплая пагода спрыяла Сілцом. Думалі сілцоўцы, што дажджы, пашоўшы пасьля касьбы, захопяць жніво. Трапяталі, пазіралі ўгору — калі пяройдуць гнедыя хмаркі з захаду.

Так не ў пару, так не ў пару! Жыта пагінае каласы, жыта просіцца на серп. Роўнядзь ніў не пачарніла-б золата іржою праростаў. Няўжо ня выпадзе так, каб хоць на тыдняў два сплыў полаг хмар, выглянула сонца, у жніўні яшчэ не халоднае, і людзі адсьвяткавалі ўрачыстасьць жніва. Хоць-бы маленькая прыкмета — усьміхнулася неба сінім лазуркам, выпусьціла праменьчык сонца! Хоць-бы! Вечарам, на змроку, калі жабы ў рэчцы завялі свой карагод, не паказвала на пагоду: імжэла, цярусіла па руні лістоў.