Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/426

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гострыя перажываньні, на ўздым, на бунт супроць усяго таго, што жыло ў вялікім каменным горадзе, сярод яго вуліц, за вокнамі суворых, маўклівых муроў. Джарало людзей, што цякло ёй насустрэч, стукатня калёс, крыкі паасобных гандляроў — нядбайна забывалася; быццам-бы нішто яе не датыркала…

Але, адышоўшыся кварталаў пяць ад астрогу, Наталя прыпомніла аб Рыгору: што ён робіць у даную хвіліну? Азірнулася назад, як-бы хочучы праверыць, ці ня ідзе часам ён удагонкі ёй? Вузкая разора вуліцы бегла ад яе кудысь далёка назад, а высокія муры хавалі прастор. Астрог загубіўся ў іх грамадах. Нават Наталя адразу ня выявіла сабе, у якім ён баку. Затое Рыгор, якога яна мэрам-бы згубіла ў вулічнай гушчы, занепакоіў яе. Зусім мімаволі, нечакана, да дзяўчыны вярнулася трывога за долю дарагога таварыша… Рэчаіснасьць разьбіла зданны настрой, штучнасьць хвілёвага ўздыму; яна, вось, ідзе вольная, куды хоча, а Рыгор астаўся там, за захілам хмурай вуліцы, за брамаю ў таўсьценнай сьцяне, за вартаю турэмнае команды. Рыгор у няволі. Вуліца шуміць, таемная ў кожнай сваёй рэчы і ў кожнай асобе людзкой і кіпучая ў спляценьні агульнага жыцьця, чужая жыцьцю кожнай ядынкі. Пэўна, пра Рыгора, пра яго стан ня ведала ні адна душа, ні адзін чалавек, з якім сустрэлася ды разымінулася Наталя. А гэтых адзінак прашло сотні ды сотні.

Яна агідна паківала галавою. Паспагадала, чаму яна ня ў моцы адразу-ж перайначыць размах і формы людзкога жыцьця?

Перадумаўшы ўдоўж ды ўпоперак вынікшыя перад ёю жыцьцёвыя супярэчнасьці Наталя тымчасам вышла к парку, абышла яго, не заходзячы, і параўнялася з будынкам пошты. І тут прыпомніла якраз просьбу Рыгора — напісаць яго мацеры пісьмо. Але яе азадачыла, як і што пісаць? Трэба-ж, каб старая там вызнала пра сына і не напалохался яго лёсам. Цяжкае заданьне злучыць дзьве гэтыя процілежнасьці! Атрымаецца ці адно, ці другое; або маці не праведае, што з Рыгорам, або, праведаўшы, дашчэнту перапужаецца… А не напісаць?..

Каб вырашыць пэўней і грунтоўней задачу, Наталя зашла ў парк, прысела на лаўцы і стала абмяркоўваць з усіх бакоў, як пагадзіць Рыгорава жаданьне з тымі вынікамі, якія яно прынясе. Меркавала, углыбілася. І чым больш выяўляла перад сабою розныя мажлівасьці, тым няпэўней рабілася сама… Пры-