Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/427

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ходзіла да скутку, што гэта справа — нялёгкая, справа, над якою давядзецца добра падумаць, — адлажыла яе на некалькі дзён.

З гэтым рашэньнем паднялася з лаўкі, каб прайсьці паркам. Але, адвярнуўшыся направа, сустрэлася вачмі з убогаю мізэрнаю бабулькаю, якая задуменна клыпала на яе месца. У Наталі міжвольна напрасілася параўнаньне гэтае старое з Рыгораваю мацераю. «Пэўна, ходзіць і яна там па мястэчку, не выпускаючы з думак Рыгора. Як-бы была яна абрадавана яго пісьму!.. Трэба толькі ўявіць сабе яе пачуцьцё. Не! Мушу напісаць! Хоць ня ўсю праўду выясьніць, хоць не датыркаць Рыгоравага стану!» рашыла Наталя.

І сапраўднасьць, якая акружала яе, паднясла Наталіным думкам цёмныя вокны астрогу і пераплёты жалезных крат, і вузкі калідор, што выглядаў чорнаю цеснаю нарою, і Рыгора ў стане нявольніка, злоўленага арла. Шэраг сумных вобразаў працягнуўся ў даль наступных дзён. Каб адарвацца ад іх, Наталя абярнулася к імені Сёмкі. Таварыш, аб якім гаварыў ёй Рыгор добрымі словамі. «А каб ды яму напісаць. А ён там перадасьць мацеры»… Гэта аблягчала задачу, рабіла яе прасьцейшаю. «Так напішу пісьмо да Сёмкі; перайму яго, каб не адкрываўся мацеры. Падкрашу надзеяй на скорае звальненьне Рыгора… А ён там… няўжо ён ня зможа зрабіць гладка і добра? Пайду, вось, зараз цяпер, вось, і сяду за пісаньне. Бо што будзе заўтра — няведама».

Пасьпяшаючы, вышла Наталя з парку і пашла направа. Але, ступіўшы пару разоў, яна пачула ззаду сябе вокліч:

— Наталя Хлёраўна!

Было нечакана, і Наталя як-бы сумелася; хутка павярнулася і ўгледзела чалавека, які ў першы момант паказаўся ёй незнаёмым. Хацела запытаць яго, у чым справа, пасьля дагадалася па рысах твару, што недзе бачыла, і на даўгад пацікавілася:

— Ці не спатыкаліся мы з вамі?

— Я — Ермалай Куваш… Бачыліся з вамі некалькі разоў; апошні раз у Артура, на Задзьвіньні, помніце?

Наталя працягнула руку.

— Цяпер ясна; так, так — сустракалася з вамі.

— Адкуль вы і куды, Наталя Хлёраўна?

— А як-бы вам сказаць… Дамоў…