Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/419

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце, Хлёр запрапанаваў некалькі практычных думак наконт таго, як вясьці вясельле, як пільнавацца парадку і каля першай гадзіны ночы пашоў да хаты.


VI

ВЯСЕЛЬЛЕ ВАСІЛЯ БЕРАГА з Зосяю Прыдатнаю сапраўды, нарабіла гоману; яно выглядала не малым здарэньнем для Сілцоў, тым болей для Сівулінскае вуліцы. Як і што да яго гатаваліся абедзьве палавіны, куды і зачым хадзілі Марта з Міколам ці Тадося з Хлёрам — усё да дробкі абгаварвалася дасужнымі жанкамі, да сапраўднага дадавалася шмат лішняга, гэтак што вакол маленькага замеру вырасталі вялікія лягенды, набухала цэлая гісторыя. Гэткім чынам узьнятая зацікаўленасьць да вясельля зрабіла тое, што ў суботу, на цырымоніі «пашыцьця вянка» да Прыдатных сабралася вялікая колькасьць моладзі з усяго мястэчка і добры лік старых людзей з Сівулінскае вуліцы. Далёка за поўнач гэта вуліца кішэла людзьмі, як рэдка бывала дагэтуль, шумела, гаманіла. Апошнія зыкі гамонкі засталі золак. Тым, хто мала цікавіўся вясельлем і сядзеў у хаце, нельга было спакойна заснуць. З гэткіх была Стэпа Нязвычніха; для яе вясельле ў Прыдатных было зусім не ўшманкі. Яна мела свой клопат і сваю цікавасьць: гэта Рыгор; ім Стэпа жыла, аб ім марыла.

Назаўтра таксама ўсе вясельныя цырымоніі, як хадзьба ў сваты з песьнямі і музыкаю, адвод перш маладое, а пасьля маладога да шлюбу і самы шлюб, прашлі між Стэпы. У яе галаве праз увесь дзень складаўся ды пераскладваўся зьмест пісьма, якое яна праглася хутчэй адпісаць Рыгору. Каб не вясельле, пэўна, прасіла-б яна Сёмку зрабіць ласку і напісаць сёньня, у нядзелю, калі вольны час і можна больш і спакайней падумаць. Вясельле перашкодзіла гэтаму і злавала Стэпу. Каб адцягнуцца ад яго вачмі і думкамі, яна доўгі час хадзіла па рынку, пасьля наведала Стаўбуноў і распытала аб іх Віктары; ня мінула, каб не пахваліцца, што яе Рыгор прыслаў надовечы пісьмо. Стаўбуны скардзіліся Стэпе, што Віктара перавялі з павету ў губэрню і што праз блізкі час мерыцца быць суд. Віктар пісаў бацьком, што дрэнна сябе адчувае ў астрозе, аднак, ад сваіх думак і настрою не адракаецца. Стэпа паспагадала Стаўбуном