Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/418

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пэўна… Але, трэба сказаць, што ўсё-ткі ёсьцека адмысловыя брахуны. Вось хоць-бы ўзяць цяперака — пусьцілі плёткі на Зосю: «нібы яна з Нязвычнікам спала ды дзе…» Сёньня жонка мне паведаміла…

— Няўжо? — нагастрылася Тадося.

Васіль-жа нядбайна матнуў рукою:

— Брахня! Рыгорава справа.

— Пачакай!

— Аднак, Хлёр, убачыўшы, што Васіля паведанае ім ня зьдзівіла, пасьпяшыў астудзіць і цікавасьць братавае.

— Пэўна, брахня. Хто з разумных людзей гэтаму паверыць? Мне жонка сказала, дык я сплюнуў — і толькі.

— А мо’… Зося — пракідная дзяўчына…

Відаць было, што Тадося прыняла Хлёравы словы да сэрца, захапілася імі, бо хоць змаўчала, а ўсё-ж на твары яе застаўся адбітак яхідзтва. Так і чулася, што баба ў патрэбны час пачутае вылажыць перад Зосяю.

Хлёра, аднак, настрой братавай ня смуціў; ён быў пэвен, што ў кожным разе гэта не адаб’ецца на вясельлі.

— Людзям языкоў не павяжаш, — рашыў ён.

Тадося моўчкі згадзілася.

На гэтым заключылі і перашлі да вясельнай справы: Хлёр распытаў, каго Тадося думае запрасіць, апроч сваякоў, як і што зроблена Васілём для падарункаў Зосі і інш. Беражыха ахвотліва адказала Хлёру на ўсе пытаньні, расхваліўшы свой плян і свае намеры.

— Думаю, каб вясельле адыграць палюдзку, — старшыню, урадніка, нават бацюшку думаю запрасіць: ён так прыхільна адносіўся да Васіля. А шлюб ізноў думаю справіць багаты. Не калі-ж было — адно дзіця. Скупіцца няма чаго, — заключыла Тадося.

— Зразумелая рэч. Што-што, а вясельле трэба адзначыць добраю бяседаю. Тут скупошчаў, вядома, ніхто не падглядае, але і намёку на іх даваць ня трэба. А Зосі трэба зрабіць добры гасьцінец.

Васіль ухмыльнуўся здавальняюча і пахваліўся:

— Набралі машастовую сукенку і тонкія чаравікі. Хадзілі надоечы ўдваіх.