Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/417

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Цяперака калі ні прыдзі, то ў нас работа, клопат, увіхі. Мала часу асталося да вясельля, і працы не абабрацца. Нясьціхана шнайдырым па хаце. Прасіць каго чужога неяк ня хочацца, а самым дык ёсьць над чым пакруціцца.

— Вядома. Чаго і казаць! Гэта-ж вясельле, не абы што.

— Так, вясельле. Мы ўвесь час з Васільком гаворым самі сабою; добра ўжо, што хаця яно неяк ціха і спакойна ладзіцца. Спачатку пашумелі: паспрачаліся то сям, то там, а зараз усе прыціхлі; і Зося ўгаманілася, і той жулік, пэўна, кінуў усякую надзею пашкодзіць Васілю. Вось адбыць вясельле і тады пачынайце жыцьцё, мае дзеткі.

Хлёр прысеў каля стала, выслухаў братавую.

Бачыў, што таго, з чым ён прышоў, тут ня чулі і ня ведаюць і, пэўна, спалохаюцца, калі ён паведае ім. Замаўчаць усё-ткі не перадумаў і рашыў пакіраваць гутарку так, каб самую перадачу зрабіць менш прыметнай, менш выразнай.

— А як у вас усё-ткі стаць справа? — запытаў Хлёр.

— Добра, Хлёрык, — пахвалілася Тадося: — амаль ня ўсё гатова; асталося яшчэ зварыць, сьпячы — то гэта мы ў пятніцу, у суботу зробім…

— Ну, а ў полі як у цябе, Васіль?

— Поле падганяю за ўсімі — не здаюся, дакошваю.

— Го, ён у мяне дбайны.

— Чаго-ж, добра, маладзец.

Васіля, як і яго мацеру, цікавіла вялікая прыгода ў іх сям’і, і тое, што гэтая прыгода супадае з экономічнымі інтарэсамі іх гаспадарства і што ўсё ідзе, як па масьле. Гэта цешыла іх абоіх, а што па-за гэтым — ня было ніякага дзела. Вось чаму і Тадося і Васіль адчувалі сябе задаволенымі і знаходзіліся ў добрым настроі. Ніякае падазронасьці, ні ўспаміну. Здавалася, каб хто пераконваў, што трэба яе мець, што ня ўсё бясьпечна, як ім думаецца, то і то-б ніводнае не паверыла-б.

— Ну, а што, бок, людзі кажуць аб нашым вясельлі? — да рэчы пацікавілася даведацца ад Хлёра Тадося.

— Нічога… Ды што прыслухоўвацца да людзкіх гутарак. Хай кажуць, каму язык сьвярбіць. Розныя ёсьць людзі…

— Так, вядома, цюцькаў многа; але махнуў пугаўём — дык і паадбягаюцца. А вернуцца, можна хвасянуць пугаю, — вывеў Васіль.