Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/408

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Такі ня ўтрымаўся? — з лёгкім сумненьнем у голасе запытала Стэпа.

Але Сёмка разьвеяў сумненьне, пераканаў яе, што бяз гэтага нельга абыйсьціся, што змагацца вымушае само жыцьцё, што толькі змагаючыся можна дайсьці да лепшай, шчасьлівейшай долі.

— Працуйце, працуйце на здароўе. Няхай вам на посьпех пойдзе… А мо’ і дажывеце да лепшага… Толькі, сынку мой, калі што-якое, дык са мною што станецца? Ці хопіць у мяне сілы вытрымаць?

— Ня думаю, цётка, каб так было. Чаму, няйначай, з Рыгорам дрэннае здарыцца? Ён не такі…

Стэпа пераняла:

— А ласьне ад яго будзе залежаць! Вось калі! Гэткая мятусіна ў сьвеце — без разбору падпадаюць пад калёсы…

— Навошта думаць пра няведамае наступнае? Сёньня маеце вестку — радуйцеся гэтаму: Рыгор жыве, здароў, думае пра вас.

Ён вылез з-за стала і вышаў на хату.

— Пэўна, Сёмачка, пэўна. Ды я ўжо так рада, так задаволена — цэлую ноч не засну, цэлую ноч думацьму пра яго…

— Тут ужо і думаць ня трэба многа… Заспакойцеся і засьнеце… Дабранач!

Стэпа прашла за Сёмкам і на расстаньне папрасіла:

— Ты-ж ужо, сынок, не адмовішся адпісаць. Ужо выдзеліш вольную хвілінку.

— Гэ, чаму не; калі ласка.

— Дабранач!


III

ПІСЬМО АД РЫГОРА Сёмка давёў да ведама сваіх таварышоў. Па чарзе расказаў яго перш Пятрусю, пасьля Сролю, далей дзяўчатам. Усіх навіны пісьма цікавілі, цешылі, выклікалі на некую нявыяўную зайздрасьць да Рыгора, да яго стану. Падзеі з забастоўкаю, яго выступленьні здаваліся ў ваччу хлопцаў- таварышоў недасяжна вялікімі і запалялі кожнага хаценьнем самому пабыць у асяродку гэткіх падзей. Здарэньні сілцоўскага жыцьця мізарнелі перад вобразамі рыскіх падзей.