Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/407

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шыся ўсёю істотаю ў праглівым чаканьні, глядзела Сёмку ў вочы. У іх сьвяцілася шчырая просьба старое.

Сёмка абарваў конвэрт і паглядзеў на дату: чамусьці пісьмо было ў дарозе больш двух тыдняў; падумаў, памеркаваў, але нічога Стэпе не сказаў, а, прыхіліўшыся да газоўкі, разборна, выразна пачаў чытаць вынутае пісьмо. Некаторыя словы і сказы перачытваў па два разы, іншыя тлумачыў. Дзе пісьмо кратала Ганны — Сёмка перарваў чытаньне і пераказаў Стэпе кароткі нарыс іх стрэчы з гэтаю дзяўчынаю, абмаляваў яе выгляд, падабенства да Зосі Прыдатнай. Імя-ж Наталі — зблытала дагадкі…

Стэпа ня цікавілася тым, як і што перапляліся дзьве ўспомненыя пісьмом дзяўчыны. Вестка, што Рыгор жыў, самы факт пісьма — пераважвала ўсё, што ім пісалася. Яна забывала на другім сказе першы; губляла сувязь між словамі, бо ўсе яны крычалі, пяялі пра тое, што яе сумненьні былі дарэмнымі, што жыцьцё апраўдала нясьмелыя надзеі і жаданьні. Пачуцьцё радасьці і шчасьця ня месьцілася ў яе нутры, выліваючыся перш рэдкімі сьлязьмі, а пад канец чытаньня — зычным плачам, прычытамі:

— Сыно-ок мой дарагі-ы… Рыго-ор-ка-а… Дзякуй-жа та-абе-э, што ты не забываеш мяне, старое… Як ты-ы мяне арадаваў… Як завесяліў мяне…

Сёмка суцяшаў Стэпу, задаволены тым, што Рыгор не абмінуў і яго. Весткі аб тым, як і што пачалася забастоўка, які ўдзел прыняў у ёй Рыгор, вельмі зацікавілі Сёмку, узьнялі ў ім настрой. «Кінуў-бы, здаецца, усё тут і панёсься да Рыгора, у Рыгу». Сілцы, здарэньні і прыгоды з яго ціхага жыцьця расплыліся ў Сёмкавых вачох, патанулі ў яго будзённай шэрасьці. Ён пачуў, упяршыню так яскрава, якая дробная ды ціхая яго праца — параўнаўча з працаю Рыгора. І стала дзіўна — да чаго і навошта яму, Рыгору, цікавіцца ім, Зосяю, Сілцамі. «Толькі таму, пэўна, што мае шырокае сэрца».

— А што-ж Рыгорка табе піша, сынку?

Стэпа сьцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Заплаканыя вочы прасілі гутаркі аб сыну.

Сёмка расказаў; не дасьцярогся і ўспомніў пра забастоўку, пра тое, што Рыгор казаў прамову перад тысячамі рабочых.