Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/404

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але Стэпа не магла супакоіцца — трэба было крануць яе балючую западозранасьць, каб яна акамянела ў яе грудзёх, закаваўшы сэрца. Думкам ня было чаго кіравацца ў іншы бок, шукаць сьветлых плямак… «Ведама», судзіла Стэпа. І ўжо ёй не хапіла сілы на спачуваньне, не знашлося месца для Тарэсі ці Хрумы. Як ішла — была надзея, хоць сякая-такая, цьмяная, смуглая, а цяпер? Віктара, Хаіма павязьлі ў павет, а мо’ праз колькі дзён і пусьцяць. А Рыгора які лёс засьціг? З Рыгі даняслося ў Сілцы — нездарма; пэўна, тысячы людзей палягло. А Рыгор такі порсткі…

Стэпа пашла, не чакаючы Тарэсі, мэрам-бы пакрыўджаная на Хруму за тое, што тая паведаміла ёй гэткую вестку. Як сумысьня, як назнарок.

На вуліцы, у цемрыве ночы, дратавалася сэрца, а вочы напружана нізалі змрок у бок Жмыгінскага лесу, дзе, здавалася Стэпе, стаіць Рыга. Чаму яе пабудавалі людзі? Няхай-бы Рыгор ня ведаў гэтага гораду.

Жахлівым чудзішчам паўставалі ў Стэпіным выабражэньні зданныя будынкі Рыгі, яе няпрыветлівыя вуліцы, неміласэрныя, дзікія людзі. Шолам, стукат, браскатня аддаваліся ў кожным шораху дрэў у садкох, у скрыпе варот.

Прышла да хаты, не засьвяціўшы агню, села на лаве і ўсё кляла няведаны горад, падсьвядома просячы спачуваньня хоць ад каго, хоць крупінку, каб ня было нядобрага з Рыгорам, каб жахлівае праляцела няўпрыкмет. Няўжо гэтак ціха астанецца? Няўжо ніхто ня кіне пісьма? Рыгор-жа хваліўся вялікаю колькасьцю знаёмых. Дзе яны?

Стэпа хапалася за ўсё, што-б хоць каліва, беднае, яе абнадзеіла, што-б сказала ёй: Рыгор жыў, або — заўтра, па-заўтра ці праз тыдзень ад яго прыдзе ліст. Стала маляваць сабе гэткі вобраз: прачнецца заўтра раніцаю, запаліць у печы і — пакуль згатуе сьнеданьне — прыдзе паштальён з лістом. Падасьць праз акно беленькі кавалачак паперы, які ўсё-ўсё скажа аб Рыгору. Ці-ж не пара яму прысьці, пісьму гэтаму?


II

СТЭПА ДА ПОЎНАЧЫ лічыла і пералічвала дні з часу ад’езду Рыгора, адкладала некалькі часу на пераезд, на асталяваньне ў Рызе, на збор, каб напісаць пісьмо, на перасылку гэ-