Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/402

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мора, а мы — трэсачкі на ім… Спачуваю табе, Тарэська, ад шчырага сэрца спачуваю. Ведаю, што ты паверыш…

— Ой, маўчы, Стэпа!..

Стаўбуніху абуяла горнасьць. Чула Стэпіну шчырасьць, адзнавала, што тая прышла яе суцешыць, што хоча гэта зрабіць. Ды ці ёй паможа яе спачуваньне?

А Стэпа, перш стаючы каля парогу, пасьля прысеўшы ля прыпеку, няўсьцішна гаварыла:

— Яшчэ ў вас-то другі сын юнак, дзяўчына, твой мужчына — сям’я. Ну, а ў мяне, падумай — як стромка, адна-аднэю, як струц, у хаце сяджу, іду куды — вакола адна, чужая. Вядома — адзін ён у мяне, куды ні кінеш. Так урочана ўжо ад роду — перамяніць нельга. Думаеш, лёгка? Гадаю нясупынна, дагадваюся, што і як з ім у тым горадзе — а хто скажа! Лістоў няма — які час ня піша. Да чаго яго лёс давядзе, або давёў…

Тарэся слухала, але заўважвала, што яе гора — больш вострае і пякучае. Стэпа, праўда, цярпіць многа, ды ці-ж параўнаць з тым, што зараз у яе, Тарэсі, на сэрцы. Віктар арыштаваны: што з ім зробяць там, куды павязьлі? Можа навекі замуруюць у каменны мяшок — ці-ж ня было з людзьмі? А Рыгор — можа і жыве дзе… пэўна, што жыве…

— Усё-ткі, Стэпачка, Рыгор можа не падпаў таму, што мой Віктарка. Мала чаму ня піша — усякая бывае прыгода, а гэта, вось, на вачох тваіх, пад мячамі вязуць тваё дзіця. Памочні-ы-к мой, да-а-рагі…

Стаўбуніха заплакала, Стэпа памагла, ня сутрымалася. Праўда — сэрца сьлёзы точыць.

Тарэся, ці-ж думаеш так ужо строга: не даждалі-б яны, каб, барані чаго, замураваць у каменны мяшок, як ты кажаш… Ці-ж павыш іх няма мацнейшае рукі? То-ж чалавек — ня кусок дзерава, што ў лесе гніе… А ты думаеш, мой Рыгор — там-жа, як у ступе, у гэтым каламутным горадзе?

— Патураць ім. Добра Віктар казаў, як яшчэ з намі быў, вось тутака седзячы, — паказала Стаўбуніха на край стала, пры акне ў двор, — казаў заўсёды: сьвет людзкі — адно змаганьне, кавадла і молат: папаў — расьцісьне, калі сам другога не расьцісьнеш… Казаў вось, так літаральна… Цяпер, вось, папаўся пад молат.