Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/395

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

напрашвалася настойнае пытаньне. І яна не магла на яго нічога адказаць. Гэтак шаломіць чалавека раптоўны гром, маланка ў цёмнай ночы, зычны стук гарматы, што зьнянацку парушае цішу.

Каля дзьвюх гадзін Наталя ішла дамоў: яна не сьпяшыла, ня цікавілася, каб скарэй вярнуцца, была ахоплена пачуцьцём утратку, нявыразнасьці, сумлівасьці. Што дома? Ішла і спынялася пры асьветленых вокнах магазынаў, разглядаючы ў іх подаўгу і бясьцікаўна. Чамусьці, зусім бязмэтна, зашла на пошту, паглядзела на гадзіньнік, прачытала надпісы над маленькімі аконцамі ў драцянай сетцы: «тэлеграмы», «заказная корэспондэнцыя», «продаж марак», паглядзела на шафу абонемэнтаў, з драбнюткімі шуфлядачкамі, з нумарамі. Бясьцікаўна кінула ўзрокі на дваіх дзяўчын, якія круціліся каля дзьвярэй, пазіраючы то ў акно, то на гадзіньнік і момант-ад-моманту падмазваючы шчокі пудраю. Некалькі мужчын прашло з пошты і на пошту, паглядзеўшы на Наталю пытальнымі узрокамі. Адзін сумысьня падышоў да яе і беспатрэбна запытаў, калі выбіраюць чародную пошту са скрынак. Наталя суха адмовіла — «ня ведаю» і вышла на вуліцу паперадзе цікавага суб’екту. Бяз дай прычыны падышла да агарожы Вэрманаўскага парку, пасачыла за бурным струменем публікі і нарэшце пашла да кватэры.

Ужо сьцямнела, як увашла да сябе ў пакоік і, сеўшы на ложку, аддалася думкам, выяўленьню сутнасьці таго, што здарылася сёнешнім днём у яе жыцьці. Паўстаў астрог — хмуры, жоўты будынак, агароджаны высокім мурам-сьцяною. Пабіты на цесныя клеткі, акратаваны на вокнах. У ваднэй клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла бязупынна ісьці на змаганьне, ухарошваць жыцьцё кіпучым полымем рэволюцыйнага натхненьня. Якія прасторы адчыняліся перад імі? Якія далі выказваліся? Ці-ж можна было думаць, дапускаць, што раптам усё гэта згладзіцца, зьнікне, абарвецца. І тут — вось гатова. Што-ж далей? Зразумела. На пакуту — да яго, разам, удваіх. Бачыць мукі ўтому, няволю, іншыя парываньні. Якавы ён у вастрозе? Што думае, чым жыве, як годзіцца з пахінутаю забастоўкаю, да якое імкнуўся, якой аддаваўся ўсёю істотаю сваёю? Ці ведае, хаця, седзячы, які паварот прымае яе разьвіцьцё? О, падумаеш, як-бы радасна стрэў ён чалавека з волі…