Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/394

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А далей, толькі ён выказаў сваю думку, выразную і рашучую, нельга было сумнявацца. Рыгор — ня тое, што ўсе іншыя, каго бачыла і бачыць, Рыгор — мэта. Прыпамінае, якімі багатымі здаваліся хварбы мора і неба, калі яны гулялі на ўзмор’і, яшчэ хаваючы адно ад другога патаемнасьць сваіх хаценьняў. Помніць, як дзіўна яна адчувала сябе, гледзячы… толькі на Рыгора і не зважаючы соцень іншых мужчын. Пэўна, тады з даляй шырокіх разгонаў вадзянога абшару, лёгкія хвалі залацістай вады прынясьлі ёй новае, бурлівае чуцьцё ласкі, каханьня? Пэўна, нагнаў яго подух ветру з-за атупленага пазёму пад чырвоным колерам променю? Наталя ня бралася вызнаць прычыны — скуткі абурылі яе цалком, выліліся ў прызнаньне, у захапленьне, якое вось зараз цягне яе да Рыгора, каторага ўжо некалькі дзён ня бачыла… Чула, што без яго няпоўнае жыцьцё. І як соладка стала на сэрцы, калі параўнялася з брамаю знаёмага дому. Некалькі хвілін — і спаткаецца, папагаворыць уволю!

Не агледзелася, як прабегла двор, паднялася па ўсходах і падышла да дзьвярэй. Рашуча, рупна пазваніла. Знаёмая работніца прачыніла дзьверы:

— Вы да Нязвычнага? — ябедна запытала.

— Так, выбачайце. Ці дома ён?

Вільгэльміна працягнула голаву ў адчыненыя дзьверы і адмовіла:

— Ведаеце — няма! Ужо некалькі ночаў не начаваў; самі ня ведаем, дзе і што…

Вільгэльміна спынілася, мэрам-бы засароміўшыся, што хлусіць дзяўчыне. Пасьля цішком паправілася.

— Заўчора прыходзіла на кватэру поліцыя: пэўна, што ён арыштаваны.

Наталя ажно жахнулася, скрывіла балюча міну і адступіла на два крокі ад дзьвярэй.

— Ласьне? Ня хлусіце?!

— Што вы?

Яна яшчэ колькі хвілін паглядзела на збляднеўшую Наталю і паціхеньку зачыніла дзьверы.

Наталя нясьмелымі, блытанымі крокамі пашла па сходах уніз. Перад яе вачыма разгарнулася роўная, бязьмежная шэрасьць, у істоце адчулася глыбокая праваліна. Куды ісьці? —