Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/393

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

іншых пытаньняў чалавечага жыцьця, да проблем клясавага вызваленьня. Судзіла гэтак: перш павінна паправіць экономічныя і політычныя ўмовы жыцьця, палепшыць яго дабрабыт, ухарошыць яго да ўзроўню, калі-б яно стала вартым, належна адбіць у сабе ўсе парываньні рабочае клясы, а далей… Бач, уся пекната, калі яна засмучана недастачамі, клапатлівасьцю, нудою будзённых дзён, нікне, савее, губляе выразнасьць і сакавітасьць. Уся асалода — труіцца, калі няма адпаведных умоў дзеля таго, каб яе захаваць на натуральным узроўні…

І датычна сябе гадала Наталя:

«Мне ня суджана іншага, апроч змаганьня. Чым стане жыцьцё падзёншчыцы, калі яго зьвязаць сямейнымі ўмовамі? Незалежнаю, аднэю, сама-па-сабе — я ваяка, змаганьнік. А тады?..»

Часамі, было — чаму не — прарываліся ў яе нутры падсьвядомыя парываньні, выразныя імкненьні да рознастайнасьці, да натуральнага выяўленьня ўсвойных ёй, як усякай дзяўчыне, пачуцьцяў і жаданьняў. Хадзіла-ж і на сходы, і на яўкі, і на нарады — усюды былі мужчыны. Але Наталя не папускалася: абмінала коўзкія месцы, абыходзіла іх, аддаючыся палкім спрэчкам на грамадзкія тэмы, на пытаньні з рабочага жыцьця. Таварышкі заўважвалі гэту Наталіну асаблівасьць; цікавіліся, перагаворваліся паміж сабою, дзівіліся, але не наракалі.


V

ГЭТКАЮ ЗЬЯВІЛАСЯ ЯНА на Заддзьвіньне, у Артураву кватэру, на сход упаўнаважаных ад фабрык і заводаў. Рыгор угледзеў яе тою, якою яна была, сформаваўшыся жорсткім жыцьцём. Як-жа магло стацца, што яго гостры, варажлівы ўзрок гэтак ёмка крануў маўклівую струну заняважаных жаданьняў рэволюцыянэркі-дзяўчыны? У рысах Рыгоравага твару, у яго постаці, стройнай, вытачанай з цэлага куска, пэўна, Наталя ўгледзела, папершае, змаганьніка, шчырага, адданага ідэі рэволюцыянэра. Усё-ж, усё-ж пад гэтым таіліся і іншыя сілы, іншая матэрыя. «Як цікава, — думала яна, — побач, рука ў руку, нага з нагою, змагацца з таварышам Нязвычным! Аслаблюся духам — запазычу ў гэтага ваякі-блёндына, які гарыць, палае, які да каліва праняты рэволюцыйным настроем».